test

Спектакль «Хам»: мноства старон аднаго боку

Праект Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі і Цэнтра беларускай драматургіі 

Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі і Цэнтр беларускай драматургіі выпусцілі спектакль «Хам» па аднайменнаму тэксту Элізы Ажэшкі. Гэта пастаноўка – галаваломка, якая выглядае простай гісторыяй пра несупадаючыя погляды на жыццё. Мноства інтэрпрэтацый і тэксту, і спектакля натхніла рэдактара Цэнтра беларускай драматургіі, тэатразнаўца Яўгенію Бачыла, паразважаць пра шмат'ярусную сэнсавую структуру пастаноўкі. Думкі аўтара пераплятуцца з поглядамі акцёраў на гісторыю Элізы Ажэшкі, якая расказана са сцэны РТБД.

У самай назве тэксту ўжо адлюстравана стаўленне галоўнай гераіні да свайго мужа і яго характарная сутнасць. Але слова «хам» тут не пра грубасць, бестактоўнасць, а наадварот – бязмежнаю прастату, вясковую чысціню, што складаюцца дзякуючы веры. З гэтымі якасцямі і не змагла змірыцца Франка – маладая жанчына, «якая выйшла» з горада, працавала прыслугай у хатах заможных людзей, а зараз стала жонкай рыбака, «які жыве» Нёманам.

Гісторыя складана тым, што дзяўчына ўсвядомлена вырашыла пайсці за «хама», бо менавіта так яна бачыла магчымасць прыйсці да спакойнага, стабільнага жыцця. Жыцця, у якім далейшае існаванне не залежыць ад таго, колькі разоў табе прыйшлося дазваляць мужчынам рабіць з сабой тое, чаго ты не хацела. Але калі разбіраць псіхалогію персанажаў, то відавочна, што з самага пачатку Павел аказваецца для Франкі не столькі забавай ці паратункам, а чарговым пацвярджэннем таго, што яна можа зацікавіць любога чалавека. Франка прызвычаілася быць ў цэнтры мужчынскай увагі, незалежна ад таго, ці былі ў гэтых людзей да яе сапраўдныя пачуцці ці яны разглядалі яе проста як аб'ект. Таму і адзежа, «якая дазволіла» героям пазнаёміцца, сплыла не проста так, а нібы стала кручком, за які ўчапіўся Павел. Думаючы, што ратуе дзяўчыну, ён, насамрэч, толькі падмацоўвае яе ўпэўненасць у тым, што яна здольная завабіць каго хоча. Нават у гэтым выпадку яе паводзіны – неўсвядомлены крык аб дапамозе.

Чытаючы сам твор цяжка не адчуць «нераўнамернасць» герояў. Той «  нераўнамернасці», для разумення каторай патрэбны праваднік. Сам матэрыял дае мноства шляхоў развіцця персанажаў, таму падчас знаёмства з ім можна лёгка сутыкнуцца з непрыязнасцю: занадта складаная гераіня, да якой немагчыма падключыцца, і, наадварот, вельмі просты Павел.

У праекце РТБД і ЦБД галоўныя ролі выконваюць Дар'я Лазарчык і Сяргей Шымко. Франку кідае ад аднаго стану ў другі. Тут яна абяцае спакойнаму, але мляваму Паўлу заўсёды быць побач, а ўжо праз 10 хвілін кляне яго тое спакойнае існаванне, якое сама ж і выбрала. Аднойчы яна, не вытрымаўшы, знікае з вёскі, каб вярнуцца да гарадскога жыцця: Франка ходзіць на кірмашы, фліртуе з хлопцамі дэманструючы сябе. А праз тры гады вяртаецца, але ўжо з дзіцём. Пасівелая за гэты час дзяўчына спрабуе быць з Паўлам, разумеючы, што ён – адзіны шанец на нармальнае жыццё. Але палёгкі няма.

Па сутнасці, спектакль «Хам» РТБД і ЦБД – гэта не толькі інтэрпрэтацыя рамана Элізы Ажэшкі, колькі асобны мастацкі твор, створаны на яго аснове. Аўтарскі тэкст тут – сродак, які дазваляе сысці ў складанае разважанне пра чалавека і яго ўнутраны свет. Трактуючы характары галоўных герояў, саму гісторыю, тэатр выбірае не проста праілюстраваць тэкст, а пайсці ў даследаванне чалавечай сутнасці. Што робіць герояў такімі якія яны ёсць? Чаму яны мяняюцца? Чаму Франку кідае з аднаго стану ў другі? Шматлікія прыёмы і рашэнні, якія выкарыстоўвае каманда творцаў, існуюць тут менавіта для раскрыцця другога плана гісторыі.

Аналітычная накіраванасць спектакля ствараецца самой акцёрскай камандай: паміж выканаўцамі галоўных роляў разбежка ва ўзросце ў некалькі дзесяцігоддзяў, што адрозніваецца ад арыгіналу. У рамане розніца ва ўзросце складае крыху больш дзесяці гадоў. Але гэта не гісторыя пра «нестандартны выбар дзеля нестандартнага выбару». Такое рашэнне ўжо на ўзроўні тэмы задае жахлівы, на псіхалагічным узроўні, перакос, які ў нейкім сэнсе і з'яўляецца першапрычынай ўсіх далейшых канфліктаў. Мы бачым дэфармацыю нормы: у маладосці досведу болей, чым у сталасці, хаця, прынамсі, павінна быць наадварот. Франка, у выкананні Дар'і Лазарчык – чалавек, які сутыкнуўся з мноствам жахлівых падзей, і гэты жыццёвы багаж стаў для гераіні разбуральным. Быццам – досвед ёсць, але не хапае мудрасці, каб яго выкарыстаць. У той жа час, дарослы Павел, па сутнасці быццам нічога ў жыцці і не бачыў. Гэта і бракуе стаць сапраўдным настаўнікам, якім ён спрабуе быць для сваёй жонкі. У выніку, у яго няма разумення, як насамрэч працуюць усе тыя законы па якіх ён жыве, якія і падштурхоўваюць яго клапаціцца аб Франке.

«Мы разважалі пра тое, як адны і тыя сітуацыі па рознаму ўспрымаюцца людзьмі розных узростаў. Напрыклад: што жахлівей можа гучаць: калі з згвалтаваннем сутыкнецца 12-ці гадовае дзіця, альбо дарослая жанчына, якая ведае жыццё. Адказ бясспрэчны: 12-ці гадовая дзяўчынка. Вось і ўсё. І тут спрацоўвае такі самы прынцып: чым маладзейшая дзяўчына, якая перажыла мноства траўміруючых падзей, тым цяжэй будзе гучаць гэта гісторыя. Аадзін з эпізодаў, калі Павал пачынае павучаць Франку словамі «адумайся, пакайся, працягні руку людзям, і яны цябе палюбяць», я, як гераіня, разумею, што ён кажа абсалютна відавочныя рэчы. У выніку мы проста зрабілі своеасабліваю падманку: Франка быццам здзіўляецца словамі «вот гэта дзіва, такі ты разумны», а затым пачынае смяяцца проста таму, што не вытрымлівае усяго таго, пра што просіць Павал. У жыцці так проста ўсё не спрацоўвае. Жыццё складаней, а ён да апошняга не можа гэта зразумець», –

Дар'я Лазарчык, выканаўца ролі Франкі

Самая яркая характарыстыка і гераіні рамана, і гераіні спектакля ў выкананні Дар'і Лазарчык – зменлівасць. Але гэта не пра тую зменлівасць, якая ідзе ад бесхарактарнасці, няўпэўненасці. У спектаклі ствараецца прастора пастаяннага вагання: тут дзяўчына гатова змяніць сваё жыццё, але ўжо вельмі скора яна кляне гэтае жаданне, каторае сама выбрала. З рацыянальнай кропкі гледжання ўсё гэта здаецца неразумным і неабдуманым: нібыта, калі ты хочаш змяніць сваё жыццё, то змяні, трывай. Калі не хочаш – сыходзь. А калі проста хочаш прыцягваць да сябе ўвагу вясковых хлопцаў, то павінна разумець, у якое асяроддзе трапляеш, што адчуванне перавагі над «хамамі» не будзе ўсё жыццё падсілкоўваць цябе энергіяй. Але тут справа зусім не ў логіцы. Калі б і Франкай і Паўлам кіраваў непасрэдна халодны розум, то самой гісторыі не існавала бы. Таму перад намі расповед пра тое, як буйства ірацыянальнага стану можа знішчыць не толькі аднаго чалавека, але і свет вакол яго.

 «Акцёры заўсёды схільны апраўдваць сваіх персанажаў. Нават калі яны зрабілі нешта дрэннае. Калі толькі я пачала чытаць тэкс, я адразу пачала апраўдваць сваю гераіню: яна проста няшчасны матылёк, якога «шманае» ад аднаго агню да другога. Яна не можа спыніцца, знайсці «тое самае”, бо яна ніяк не можа саўладаць са сваім сардэчна-эмацыйным станам. Яна не навучылася слухаць сябе, разумець, што ёй па-сапраўднаму патрэбна... Гэта гісторыя – жудасная сумесь пачуццяў, якія замінаюць мне знайсці на многае адказы. Перад смерцю яна быццам бачыць саму сябе перад сабой жа. Ёй нічога не застаецца, толькі як уцячы ад сябе такім страшным чынам: «што мне рабіць, куды я не павярнуся, усюды бачу жахлівы, скрыўлены твар, д'ябальскую ўсмешку». Як і куды ад гэтага ўцячы? Невядома... Атрымоўваецца, што  праблема свая ж, уласная». – 

Дар'я Лазарчык, выканаўца ролі Франкі

Каб зразумець Франку і прыроду яе няўстойлівых эмацыянальных перападаў, трэба прызнаць: яе нянавісць накіравана на сябе. На працягу дзеяння дзяўчына перанакіроўвае яе на іншых, душачы свае мукі мукамі другіх людзей. Франка як чалавек-атрута, якая травіць сябе і астатніх. Але быццам тут няма яе віны, бо яна насамрэч спрабуе памяняць сваё жыццё, таму нельга вінаваціць яе ў нейкай бяздзейнасці. Яе складана вінаваціць нават у эмацыянальнай слабасці. Пры ўсёй нелюбові Франкі да таго жыцця, якое яна выбрала, асноўную агрэсію яна накіроўвае менавіта на сябе. Нават уваходзячы на вонкавым узроўні ў канфлікт з мужам, яна канфліктуе менавіта з сабой, з той Франкай, якая не можа перастаць увесь час бунтаваць. І той, якая зрабіла свой выбар змяніцца, стаць добрай жонкай рыбака.

Франку зусім на радуюць яе ўласныя ўчынкі. Ад гэтага ў кульмінацыйных момантах другога акта ёй і складана выносіць Паўла: ён спрабуе быць жорсткім, але, калі справа тычыцца сапраўдных амаральных учынкаў гераіні, ён зноў становіцца дабрадзеем. Магчыма, менавіта гэта і затоптвае яе глыбей.

«Чаму яна злуецца на Паўла? Таму што ён нават па сапраўднаму і не размаўляў з ёй. Яна вырабляе ўсё, што захоча. Яна ўжо здрадзіла, яна ўжо накрычала, ужо пабіла, а ён нічога не робіць. Я доўга не магла знайсці апраўданне сцэне, дзе пасля здрады з Данілкам, Франка прыходзіць і пачынае адразу сварыцца з мужам. Чаму? Бо нармальная рэакцыя на такую сітуацыю - віна і сорам. Але атрымоўваецца, канфлікт – гэта ўласная абарона. Яна разумее, што зрабіла агідны ўчынак, а-ля: «Ну, давай, пабі мяне, давай, я ж здрадзіла! Па-сапраўднаму! Чаму ты ніяк не рэагуеш? Давай, накажы! Што, мне ўсё дазволена?». Што яшчэ трэба зрабіць, каб ён паказаў нейкую рэакцыю? Пасля таго , як ён пабіў яе, мы спецыяльна дадалі рэпліку: «Дачакалася». Таму што яна спецыяльна выводзіла яго на гэта. А чаму яна так рабіла? Магчыма, каб сябе наказаць. Чым толькі яна ўжо не наказвала сябе – работай, малітвамі... І нічога. Яе ўсё роўна ломіць»,

Дар'я Лазарчык, выканаўца ролі Франкі 

Да Франкі можна ставіцца па-рознаму, яе можна асуджаць, адчуваць да яе антыпатыю, шкадаваць, разумець і спачуваць ёй. Але ўсё роўна мы даходзім да думкі, што Франка насамрэч чалавек-атрута, якая супраць сваёй жа волі атручвае сябе і іншых. Але які ён, сапраўдны Павел? Чытаючы арыгінал, ён паказаны незразумелым у сваёй «зразумеласці». Ён быццам не чалавек, а «жывы» камень.

«У нашым спектаклі Павел нашмат мякчэйшы, чым у рамане. Там ён намнога жорсткі. Калі я чытаў тэкст, то не мог уявіць, каб гэты чалавек мог смяяцца, усміхацца. Быццам бы ў яго няма цёплых, чалавечых пачуццяў. Жыве, працуе, ходзіць на рэчку – быццам тая яго жонка. Дадому прыходзіць толькі дзеля таго, каб паспаць. Таму што яго жыццё – гэта прырода. І мяняць нічога ён асабліва не хоча. Франку бярэ да сябе менавіта з-за жадання дапамагчы, выратаваць як чалавека, нават не як жанчыну, дзяўчыну, будучую жонку. Яна расказала пра сваё жыццё, а ён пачынае адчуваць спачуванне, і менавіта гэта пачуццё, а не нейкае другое, падштурхоўвае Паўла да Франкі»,

Сяргей Шымко, выканаўца ролі Паўла

Атрымоўваецца, гэтыя людзі першапачаткова існуюць ў розных плоскасцях, і Павал гэта разумее. У сувязі з гэтым узнікае пытанне: ці адбыліся бы гэтыя жудасныя падзеі, каб Павал мэтанакіравана не прывёў Франку ў вёску? Не ўзяўся б яе ратаваць, накіраваць на правільны шлях? Мабыць, канец непазбежны, таму што асноўная праблема ў самой гераіне. Так ці іначай яна бы сама сябе не вытрымала нават у горадзе. І ці адбіліся паводзіны Паўла, яго атачэння на агульным стане Франкі? Магчыма, зусім іншым быў бы працэс прызвычаенасці дзяўчыны да вёскі, каб ён не прывёў яе са словамі « я выратую яе», каб не расказваў усім пра яе жыццё, а паставіў бы ў іншую пазіцыю.

Мабыць, галоўнай праблемай аказваецца тое, што Павал забірае дзяўчыну да сябе, каб перавыхаваць. Пасля ўцёкаў ён зноў прымае яе з той жа мэтай – выратаваць, дапамагчы. А ў той жа час, каб знайсці апору, якая будзе трымаць яго мацней, чым рыбалка і Нёман. Але ці патрэбна для гэтага менавіта Франка? Мабыць, не – і ў гэтым схавана праблема: дзяўчына зацікавіла Паўла не таму, што яна – Франка, а таму што ёй патрэбна была дапамога. Атрымоўваецца, у вачах Паўла гераіня быццам і не існуе па-за сваімі «грахамі», замест яе магла быць любая другая «згубленая душа», якой патрэбна дапамога. Магчыма, пазней і нарадзілася каханне да дакладнага чалавека, але першапачатковае пачуцце тут мацней таго, што магло з'явіцца пазней.

«Калі Франка сышла ад Паўла ў першы раз, ён не зламаўся таму, што была надзея: «Яна пайшла, але дакладна вернецца – адумаецца, усё пераасэнсуе...» Але, калі б такая сітуацыя паўтарылася, ён бы дакладна яе не прыняў назад. Асабліва, калі б перад адыходам яна б пакінула Актавіана. Я думаю, што ў яго была б ужо апора ў выглядзе гэтага хлопчыка, яе незаконнанароджанага сына...»,

Сяргей Шымко, выканаўца ролі Паўла

У кантэксце спектакля паўстае актуальнае пытанне: а хто каго насамрэч «раскрыў і давёў». С аднаго боку, на працягу спектакля мы бачым мноства сцэн, якія проціпастаўляюць брак Франкі і Паўла з сям'ёй Ульяны – яго сястры. Не здарма на кантрасце з Паўлам, якія жадае навучыцца чытаць, а Франка здзекуецца над гэтай марай, з'яўляюцца клапатлівая, пяшчотная Ульяна (Ганна Лебедзева) і Філіп (Уладзіслаў Віленчыц), які спакойна, нібы шасцігадовае дзіця, вучыцца чытаць. Але трохі пазней гэтыя героі паказваюцца з іншага боку: крычаць, быццам даходзячы да апошняй кропкі. Філіп б’е свайго брата, а Ульяна нават вонкава мяняецца. Чаму так адбываецца? Здаецца, Франка атручвае іх сваёй цяжкой энергетыкай, нянавісцю, якую распаўсюджвае на сваю і чужыя душы. Але, з другога боку, можа гэта няшчасная жанчына раскрыла сапраўдную сутнасць жыхароў вёскі? Іншы бок іх «святасці».

«Падчас работы над спектаклем нам расказалі аб адным эксперыменце з метраномамі. Некалькі дзясяткаў метраномаў запусцілі ўразнабой, але праз некаторы час яны прыйшлі да адзінага рытму. І калі метраномы толькі  «заражаюць» адзін аднаго, то Франка, мне здаецца, падымае ў сялянах усё тое, што яны гадамі хавалі ад саміх сябе: злосць, крыўду, зайздрасць. Гэтыя людзі выхаваны ў рамках ўсёдаравання, ахвярнасць, безумоўнай любові. Прызвычаіліся аддаваць усё другому ў урон сабе і сваім унутраным жаданням, пра якія яны, мне здаецца, мала што і ведаюць. Таму ім складана прыняць і зразумець іншы падыход да жыцця – адкрытасць Франкі, свабодалюбства. Іх спробы прыручыць, утаймаваць яе, паказаць, як трэба любіць, абарочваецца катастрофай: у згладжвання вуглоў таксама ёсць свая мяжа і ў нейкі момант безумоўная любоў змяняецца на адкрытую агрэсію. У гэты момант, мне здаецца, сяляне і сустракаюцца са сваім «Я». Франка тут толькі каталізатар...», 

Ганна Лебедзева, выканаўца ролі Ульяны 

У праекце РТБД і ЦБД важным становіцца візуальнае рашэнне, якое часам расказвае больш, чым сам сюжэт. Красамоўнай становіцца сцэна, дзе Павал робіць Франке прапанову ажаніцца: у гэты момант сялянкі выконваюць песню аб бязмежнай любві, а ў іх косы заплецены вёдры. Мужчыны наліваюць у іх ваду, дзяўчаты працягваюць спяваць, спрабуючы з апошніх сіл іх утрымаць. Гэта метафарычная сцэна ўжо намякае, чым скончацца адносіны герояў: яны зацягнуць Франку на дно, будуць, быццам груз зацягваць яе глыбей і глыбей. У той жа час сімвалічнае гучанне гэтай сцэны працягвае развівацца, раскрываючы той бок галоўнай гераіні, які быццам узвышае яе над усімі. Франка дапамагае дзяўчатам, якія бездакорна трымаюць вёдры сваімі косамі. Гераіня ставіць вёдры на падвоканне, быццам кажучы, што можна жыць па-іншаму, паставіць ношу побач, не мучыцца ад фізічнай болі... Адна візуальная метафара стварае прастору для вялікай колькасці сэнсаў, якія можна разглядаць як разам, так і паасобку.

Франка сама для сябе стала атрутай, але ёсць у ёй тое, што робіць яе больш моцнай, яркай і вольнай за іншыя персанажы: шчырая ўпэўненасць у тым, што людзі – гэта вольныя стварэнні, якія могуць самастойна выбіраць сваё жыццё. А калі яны могуць выбіраць, то нашто жыць «без сябе», бо можна паспрабаваць ісці насустрач самастойнаму жыццю, дзе ты можаш рабіць тое, што хочаш, не цягнучы ношу па загаду іншых. Заканамерна, што пра гэта ў спектаклі гаворыцца з дапамогай прыёмаў і сцэн, якія адразу можна не зразумець, не звярнуць увагі. Гэта пераклікаецца з жыццём: з першага погляду не заўсёды мы бачым недахопы чалавека, але самыя моцныя яго бакі будуць «гучаць» праз мелкія дэталі, не заўсёды ўлоўныя. І наадварот – эпізоды, нюансы пакажуць рэальную, не зусім прывабную сутнасць людзей.

«Мне здаецца цікавым эпізод, дзе Павал просіць сваю сястру і іншых сялян прыняць Франку такой, якая яна ёсць. На што яна рэагуе: «Павел, не трэба іх навучаць» Магчыма, яна, сама таго не разумеючы, бачыць у іх большую самастойнасць, чым яны самі», –

Ганна Лебедзева, выканаўца ролі Ульяны

Па сутнасці, сяляне не ўспрымаюць Франку не таму, што на ёй «грэх», а таму, што яна іншая. Яна можа дазволіць сабе тое, чаго баяцца іншыя. Яркім у гэтым сэнсе становіцца кантраст паміж Ульянай і Франкай. Ён падводзіць нас не толькі да разважання пра любоў і святасць, але і пра лёс жанчыны, якая прызвычаілася жыць «без уласнага слова». Але гэта не значыцца, што ёй няма чаго сказаць. Паказальнай становіцца сцэна, калі Ульяна кажа мужу пра тое, што яна на баку Паўла, і толькі ён можа вырашыць як яму быць: прымаць дзіця ад другога мужчыны ці не. Але пры гэтым, за тым нямногім, што Ульяна агучыла, стаяць сумненне, боязь пярэчыць, разуменне, што муж будзе заўсёды галоўным. Ад гэтага дзяўчына, як асоба, памалу знікае. У той жа час побач ёсць Франка, якая не ставіць мужыка вышэй сябе. Бо толькі яна кіруе сваім жыццём, а ўжо потым – іншыя людзі.

«Кульмінацыйным момантам для Ульяны становіцца сцэна, калі Павал б’е Франку. Яна бачыць ў каго яны з братам ператварыліся. Павал робіць тое, што ніколі не рабіў. Яны не здольны кіраваць уласным гневам і становяцца яго ахвярамі... Магчыма, Франка для Ульяны з'яўляецца тым чалавекам, якім яна не можа сабе дазволіць. Магчыма і хацела бы, але не гатова ламаць звычайны уклад, як і прыняць, што можа быць неяк інакш. Ульяна даволі смелая ў сваіх выказваннях у бок Франкі, але не валодае такой свабодай у адносінах са сваім мужам, і гэта  яе цалкам задавальняе, бо менавіта так яе вучылі любіць. Абмежаванні, у якіх яна жыве, для яе – звычайная норма , якую яна хоча навязаць і сваёй братавай », –

 Ганна Лебедзева, выканаўца ролі Ульяны

У спектаклі «Хам» ЦБД і РТБД усе элементы можна разглядаць з розных бакоў. У нейкім сэнсе гэта пастаноўка з'яўляецца энцыклапедыяй жаночых характараў, лёсаў. У кожнай гераіні ёсць вонкавае і ўнутранае – тое, што з'яўляецца повадам, і тое, што аказваецца прычынай яе слоў, паводзін, учынкаў. Многае ўжо было (і яшчэ будзе) сказана пра Франку: яе пакуты пачынаюцца быццам з-за жадання жыць прыгожае гарадское жыццё, але на сам рэч, гэта гісторыя пра нянавісць да сябе ў будучым, сапраўдным і мінулым. Ульяна просіць прабачэнне перад Франкай толькі таму, што ў іх жыццёвым ўкладзе не бывае канфліктаў, а не таму, што шкадуе аб сваіх словах альбо хоча пасябраваць з жонкай брата.

Аўдоцця (Людміла Сідаркевіч) адгаворвае Паўла жаніцца на Франке, тлумачачы тым, што яна «падазроны чалавек». Хаця ў спектаклі дастаткова ярка гучыць тэма не ўзаемнага кахання жанчыны да свайго аднавяскоўца. Рашэнне вобраза Аўдоцці так жа, як і ўвасабленне галоўных роляў, прадумана дакладна: у рамане жанчына нашмат старэйшая, практычна «мудрая старая», а ў спектаклі яна наўмысна другая – прыгожая, статная, упэўненая. Матэрыял адаптаваны пад магчымасці трупы, ён праламляецца, а не ілюструецца, гэта глеба сэнсаў, ад якіх можа адштурхнуцца глядач. Павал і Аўдоцця тут практычна аднагодкі. І тут узнікае чарговае пытанне: а што, калі Павал наўмысна зацікавіўся маладосцю? А жаданне выратаваць Франку – гэта толькі зачэпка, апраўданне? Бо побач з ім ёсць жанчына, у якой такія самыя каштоўнасці, каторая разумее яго, клапоціцца. Пры ўсёй сваёй «цэльнасці», яна здаецца няшчаснай, пакінутай, ёй таксама патрэбна дапамога, любоў. Таму, магчыма, калі б Франка была нават ідэальнай жонкай, рэакцыя Аўдоцці наўрад ці была б іншай, таму што ёй кіруе не столькі турбота аб Паўле, колькі адчай: «Чаму яна, а не я? Чаму ён яе трывае, а мае словы і перасцярогі ігнаруе, надзяваючы сабе на галаву вядро?»

Неадназначны і паводзіны Марцелі (Галіна Чарнабаева). Яна пачынае сябраваць з Франкай, таму што ў іх аднолькавы лёс. Таму дзяўчына і давярае ёй, ставіцца да яе як да адзінага сябра. Але ў фінале менавіта гэта загадкавая жанчына сваімі словамі вымушае гераіню ў стане нянавісці да сябе ўчыніць самагубства, чым «ратуе» вёску, і, ў нейкім сэнсе, саму Франку. Назіраючы толькі за дзеяннем, учынак Марцэлі здаецца дзіўным, незразумелым. Але гэта сяброўства, распачатае бабкай, насамрэч агульная падвойная гульня, якая «жыве» дзякуючы аднолькавым лёсам гераінь і пачуццю помсты. Бо адносіны Франкі з Паўлам – гэта тое, чаго ў Марцэлі не было. А калі ў яе не адбылося, то і ў Франкі не можа быць шчаслівага фіналу.

«Франка цалкам і поўнасцю давяраецца Марцелі, бачыць у ёй чалавека, які прайшоў праз тое ж, што і яна сама. Мы нават разміналі думку пра тое, што Марцэля – гэта на сам рэч падсвядомасць Франкі. Магчыма, нават яна сама з будучыні. Усю гісторыю Марцэлі мая гераіня прымервае на сябе, асабліва, калі напрыканцы першага акту расказвае ўжо сваю гісторыю: Франка разумее, што гэта яе лёс, і калі яна не вырвецца адсюль, то канец будзе такі самы. Будзе блукаць па свету і ніхто не будзе ставіцца да яе сур'ёзна. Гэта і падштурхнула яе да ўцёкаў: «трэба нешта рабіць, трэба бегчы, я не магу скончыць так, як гэты чалавек». Франка не баіцца Марцэлі, нават любіць, але ў той жа час вучыцца на яе досведу». Але сама Марцэля была заўсёды супраць Франкі, з самага пачатку толькі прыкідвалася сябрам. Яна яе адразу ўзненавідзела. Усім сэрцам», –  

Дар'я Лазарчык, выканаўца ролі Франкі

Калі разглядаць лінію жаночых персанажаў з боку гледжання дуальнасці матываў, аказваецца, што ва ўнутраным канфлікце Франкі намнога больш праўды, шкадавання і пакут. Шматлінейнасць гісторыі быццам задае тэму пра тое, што «калі не наканавана, то і не наканавана». Франке не наканавана знайсці сябе, як бы яна не спрабавала. Нават, калі б сама гісторыя была без «двайнога дна», і галоўная ўвага была аддадзена толькі падзеям, а сама Франка была больш ураўнаважанай – фінал наўрад ці б змяніўся. Дзяўчына б звар'яцела не ад ўласных пачуццяў і немагчымасці зразумець і прыняць сябе, а ад пастаяннага шэпату вяскоўцаў і нянавісці Марцэлі, якая падлічыла ўсё да дробязі. Замкнуты круг з пачуццяў і пакут аказваецца непазбежным. Жыццю Франкі проста не наканавана адбыцца. Прынамсі, з Паўлам. Якой бы дзяўчына не была.

Франка быццам напачатку народжана зусім для іншай «планеты», якая існуе толькі ў песні: нездарма побач з беларускай мовай, народнымі песнямі, стылізаванай вясковай вопраткай, у моманты найвялікшага жадання скончыць сваё бадзянне і спыніцца недзе ў адной кропцы, узнікаюць англамоўныя кампазіцыі. «Feel suns of gold» («Адчуваю сонца з золата») – спявае Ганна Лебедзева, ствараючы сваім голасам свет, для якога народжана была Франка. Але гэты свет не тут, ён не побач, не проста так англамоўная песня ўзнікае ў беларускамоўным спектаклі – гэта быццам ключ да другога вымярэння. Ёсць толькі музычныя матывы, да якіх нельга дацягнуцца.

У свет песень, іншага жыцця, «залатога сонца» і сыходзіць Франка. Па-другому не можа быць: «яе месца» проста няма на Зямлі. Таму гераіню па-сапраўднаму шкада, бо ўцякаючы ад гаспадароў, ад Паўла, ад блуканняў, яна спрабуе ўцячы ад сябе той, якую ненавідзіць. Спрабуе шукаць спакой і тое самае «залатое сонца».

«У працэсе выканання песень я адчуваю сябе не Ульянай, а хутчэй «голасам-назіральнікам», які быццам знаходзіцца над персанажамі альбо усярэдзіне іх. Фінальная песня як унутраны маналог Франкі, рэшткі яе мук, болю. «Яны знішчаць цябе, самую тваю сутнасць». Яні – гэта не толькі людзі, але і сама Франка, якая не можа знайсці ўнутранай апоры і разбурае сябе»,–

Ганна Лебедзева, выканаўца ролі Ульяны

Прывязанасць да беларускай зямлі, якая паказана ў гісторыі, важна і неаднаразова гучыць у спектаклі. Напрыклад, з дапамогай беларускіх арнаментаў, якія праецыруюць на экран. Але расказаная ў спектаклі гісторыя ўніверсальна – яна магла адбыцца ў любым месцы, у любы час, пра што нам намякае ўвод у пастаноўку кадраў фільма «Франка», які зняты на рускай мове. Разнастайнасць моў параджае ідэю бессмяротнасці і ўніверсальнасці гэтага замкнёнага кола пачуццяў, станаў, адценняў нянавісці і кахання.

У прасторы аднаго спектакля сутыкаюцца тры этнічныя мовы, але акрамя іх – мноства мастацкіх: мова «жывой» музыкі, мова віртуальных сімвалаў, прыёмаў, метафар, мова праекцыі, якая ўзнікае на экране. Злучэнне ўсіх гэтых складальнікаў быццам дазваляе нарадзіцца выказванню пра ўзаемаабумоўленасці ўсяго. Форма задае рознасць сэнсу, якія ствараюць разважанні пра складанасць, неаднароднасць жыцця і самога чалавека.

02.06.2026 г.
Спектакль «Хам»: мноства старон аднаго боку

Праект Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі і Цэнтра беларускай драматургіі