Дыялогі з маладымі драматургамі. Юлія Млева: п'еса "Чаму гэта важна", жаночая ідэнтычнасць і любоў да тэатра
Мы пачынаем новы блок "Дыялогаў з маладымі драматургамі". Гэтым разам ён прысвечаны аўтарам, якія ўдзельнічалі ў XIV Міжнароднай драматургічнай лабараторыі, якая прайшла ў верасні 2025 года.
Гэта не інтэрв'ю. Гэта пераўтвораная ў пісьмовы тэкст гутарка з пачынаючымі, і дасведчанымі драматургамі аб усім, што толькі прыйдзе да нас падчас гутаркі. Аўтар ідэі – Яўгенія Бачыла, рэдактар ЦБД.
Аўтар: Юлія Млева
Самаідэнтыфікацыя: Душа
Першая выпадковая фраза: "Каханне – самае галоўнае".
П'еса "Чаму гэта важна"
Галоўныя гераіні:
ВОЛЯ – 29 гадоў. Супрацоўніца аўтасэрвісу. Сірата, хаміць кліентам, па-сяброўску смяецца над калегамі, у пошуках "свайго" чалавека.
ЭЛЬГА – 35 гадоў. Супрацоўніца аўтасэрвісу. Займаецца медытацыяй, ходзіць на энергадыягностыку гарлавых чакр, усіх падтрымлівае, марыць стаць псіхолагам, але баіцца мяняць месца работы.
СВЕТА – 43 гады. Супрацоўніца аўтасэрвісу. Частуе выпечкай на сняданак, самая практычная, мае складанасці з дачкой. Найбліжэйшая сяброўка Машы, з якой у яе агульнае мінулае.
МАША – 45 гадоў, уладальніца аўтасэрвісу. Пачынае хадзіць на фламенка, сустракацца з нікому невядомым мужчынам, "прыносіць" на працу нечаканую замову – катафалк. Хавае ад усіх, што хварэе ракам і не плануе з ім змагацца. Толькі дзякуючы прыватным знаёмствам Эльгі з дактарамі вырашае пайсці на аперацыю…
Аўтасэрвіс. Невялікі гараж. На пад’ёмніку легкавы аўтамабіль. У памяшканні размешчаны: паветраны кампрэсар, шафа з інструментамі, пара камплектаў дыскаў і шын, шынамантажны станок, свяцільні, светлавая дошка, станок з малаткамі, прысоскамі, рычагамі. На вешалках — рознакаляровыя рабочыя халаты, камбінезоны. На адной сцяне — люста, побач — дартс. Каля другой – драўляны стол, на якім: манітор, прынтэр, калонкі. Каля другой сцяны — абедзенная зона: стол, крэслы, чайнік, шафы. Дзверы ў іншыя памяшканні: працоўны кабінет, прыбіральня, склад.
Сцэна 1
Гучыць Вівальдзі «Поры года. Лета. Навальніца». Каля пад'ёмніка, на якім устаноўлены аўтамабіль, — каляска. На ёй сядзяць Воля і Эльга.
ВОЛЯ. У людзей работа як работа, а ў мяне (разводзіць рукамі) — гэта.
ЭЛЬГА (расчаравана). Воль, і ў мяне.
ВОЛЯ (адмахваецца). З табой ясна.
ЭЛЬГА. Чаму?
ВОЛЯ. Эльгачка, што чаму?
ЭЛЬГА. Чаму, цікава, са мной ясна?
ВОЛЯ. У цябе вышка, здаецца, тэхнічная.
ЭЛЬГА. І? Як мне гэта дапамагло?
ВОЛЯ (з іроніяй). Што? Скажаш, ніяк?
ЭЛЬГА. Як бачыш... дакладна не вершыня мары.
ВОЛЯ. Але, шчыра кажучы, ты была да гэтага гатова. А я — не.
ЭЛЬГА. Я на інжынера вучылася, не на аўтамайстра. А ты, калі табе гэта важна, схадзі ды атрымай адукацыю.
ВОЛЯ. Вось так, схадзі ды атрымай. Ужо адразу і далі! Плаціць ты будзеш?
ЭЛЬГА. Добра, што хоць гэта работа ёсць. Падзякуй.
ВОЛЯ (устае, пацягваецца і садзіцца назад). Парады не прасіла.
ЭЛЬГА. Вядома, не прасіла. А яна прыйшла. Ну што, можа крыху папрацуем? Ці ўжо пасля абеду?
ВОЛЯ. Пасядзім. Потым паядзім. Толькі, Эльгачка, давай адключым гэтую фігацень.
ЭЛЬГА (здзіўлена, асуджаючы). Вольга! Гэта — Вівальдзі!
ВОЛЯ. Не хачу Вівальдзі.
Воля падымаецца, падыходзіць да манітора, адключае музыку. Вяртаецца зноў да Эльгі, прысаджваецца, папраўляе валасы, робіць самамасаж плячэй. Эльга здымае красоўкі. Масіруе стопы.
ВОЛЯ. О, тое, што трэба.
ЭЛЬГА. Ты калі-небудзь думала, што ўсё важнае — няважна?
ВОЛЯ. Не, я такой лухтой не займаюся.
ЭЛЬГА. А я займаюся.
ВОЛЯ. З табою ясна
ЭЛЬГА. Ну, ты зноў? Што са мной ясна?
ВОЛЯ. Ну, ты ж, як звычайна, у нейкіх там трэнінгах.
ЭЛЬГА. А айда са мной.
ВОЛЯ. Не, не, дзякуй.
ЭЛЬГА. Падумай... Дык, чаму няважна важнае, і важна няважнае? І каму, насамрэч, важна?
ВОЛЯ. Усё, мазгі плавяцца. Ты толькі адключыла гэтага… як яго там?
ЭЛЬГА. Вівальдзі! «Поры года».
ВОЛЯ. Да фені. Толькі адключыла — і во на табе, новая чухня. Скорагаворкі нейкія. Важна, не важна.
ЭЛЬГА. Але... Я пра тое думала...
ВОЛЯ. Як сходзіш на свае трэнінгі, так і пачынаецца...
ЭЛЬГА. Тады чаму гэта важна?
ВОЛЯ. О-о-й. Я не разумею. А… прадыхалася, зразумела. «Аб’юзінг». Прыйдзе Маша, я буду скардзіцца (утрыравана).
ЭЛЬГА. Добра. Але магла б пацікавіцца, што за трэнінг? Магла б?
ВОЛЯ. Не цікава. Чарговая каламута.
ЭЛЬГА (штурхае ў бок). Волька, пайшлі заўтра са мной. Другая частка будзе, нават цікавейшая за першую. Энергадыягностыка па гарлавой чакры.
ВОЛЯ. Не, дзякуй. Мне і тут дыягностыкі хапае. Ты Свеце прапануй, яна апошнім часам псіхованая, вось ёй варта схадзіць. А ў мяне ўсё добра.
ЭЛЬГА. Ты ўчора толькі двума словамі мужыка ў асфальт укатала. А яму, небараку, проста цікава, як можна крыло адрехтаваць.
ВОЛЯ. Я ветліва чалавека адправіла вызначыцца ці дакладна яму гэта трэба. Я што, павінна кожнаму расказваць, як гэта робіцца? Не падпісвалася.
ЭЛЬГА (устае, ходзіць туды-сюды). Не трэба так з мужыкамі. Яму каву трэба было прапанаваць. Пагаварыць.
ВОЛЯ. Вось сама б і прапанозвала!
ЭЛЬГА. Злюка ты.
Жэня. Ты працуеш у сферы ацэнкі маёмасных праў, а разам з гэтым пішаш вершы, і ўжо некалькі гадоў актыўна займаешся драматургіяй. Як ты прыйшла да яе? Чаму цябе зацікавіла менавіта яна, а не проза вялікіх, малых формаў?
Юлія. Я з горада Шклоў. Некалі тамака быў Палац піянераў, які размешчаны ў сядзібе Крывашэіна. Яна, вядома, ўжо не захавалася, але калісьці там знаходзіўся літаратурна-драматычны кружок. І вось там мы "гулялі ў тэатр". Памятаю, як выкладчык сказала, што трэба прынесці якую-небудзь п'есу для пастаноўкі. У мяне дома было шмат кніг, я іх усе з жудаснай цікавасцю перагледзела. Прынесла нейкую п'есу, а наша кіраўніца сказала: "Юлія, гэта вельмі дарослая гісторыя". Я была малой, таму не памятаю, што гэта быў за тэкст. Але памятаю, што мяне заўсёды менавіта на гэтым як бы "ставілі на месца". Калі трэба было прынесці нейкую песню, заўсёды гучала: "Юлія, гэта не па ўзросце"… Напэўна, менавіта ў той перыяд я ўпершыню сутыкнулася з драматургіяй і паціху пачала разумець, што гэта такое. Але гэта быў час перабудовы, таму кружок, як і шматлікія ініцыятывы для дзяцей таго часу, доўга не праіснаваў.
Жэня. А калі ў тваё жыццё прыйшла паэзія?
Юлія. Першыя вершы напісала, калі мне было каля 14-ці. Нават з таго часу захаваўся нататнік. Часам я яго адкрываю і… гэтыя вершы таксама не зусім дзіцячыя. Нядаўна перагортвала старонкі і проста не разумею, як я магла пісаць такія рэчы – пра веру, сэнс жыцця. Памятаю, што час ад часу прачыналася сярод ночы, у мяне ў галаве нейкія радкі, я іх запісваю, а ў выніку, на паперы нараджаюцца вельмі філасофскія рэчы. Самае дзіўнае, калі чытаю гэта, бачу не столькі юнацкі максімалізм, колькі іншае ўспрыманне свету – яно вельмі вострае, сумленнае. Нейкі час я пісала вершы, затым кідала, потым ізноў пачынала. У нейкі момант з'явілася ідэя пісаць раман, але ён у мяне не пайшоў. А нядаўна да мяне з'явілася жаданне стварыць дзіцячы спектакль пра Месяц.
Жэня. Гэта вельмі нечаканая задума, калі ты першапачаткова не ў педагогіцы і ніколі не займалася дзіцячым тэатрам (смяюся).
Юлія. Мне чамусьці вельмі захацелася стварыць нешта такое, з дапамогай чаго можна расказаць дзецям пра нашу планету. Я пачала пісаць гэты тэкст, ён атрымліваўся нейкімі накідамі. Думаю, тут можна сказаць, што ён проста не атрымліваўся (смяецца). Я разумела, што ў мяне бракуе ведаў. У выніку вырашыла, што трэба ісці вучыцца на курс драматургіі. І яно неяк так супала: думка прыйшла, а тут нейкая рэклама – усё, гэта Бог даў знак. На той момант у мяне ўжо нарадзілася ідэя дарослай п'есы: прыйшоў такі малюнак, што там ёсць мужчына і жанчына. Яна да яго звяртаецца, а ён яе не чуе. А ў выніку яны проста не могуць пагаварыць.
Жэня. Як думаеш, чаму ідэі прыходзілі да цябе раней, чым разуменне самой спецыфікі драматургіі?
Юлія. Напэўна, усё ідзе з кантэкстаў. Бо мая задума пра мужчыну і жанчыну, якія, знаходзячыся побач, быццам існуюць на палярных полюсах, шмат у чым нарадзілася з назіраннем за адносінамі людзей у сучасным свеце. Сацыяльны кантакт проста як факт камунікацыі людзей відавочны, але ў гэтым не адчуваецца "прыслухоўванне" адно да аднаго. Жаданне дастукацца, зразумець, якім чынам можна весці дыялог, сапраўды прывяло да ўзнікнення новай гісторыі. Мне вельмі трымцела паразважаць аб гэтым. Я думаю, што жанчына ўсё ж такі прасцей ідзе на кантакт, ёй быццам лягчэй распачаць спробу яго наладзіць. А мужчына часцей за ўсё больш закрыты, мне здаецца.
СВЕТА. Вам не здаецца, што яна апошнім часам не такая?
ЭЛЬГА. Булка?
СВЕТА. Маша!
ВОЛЯ. Не-а.
ЭЛЬГА. Ай, нармальная яна. Гэта ўсё твае праекцыі.
ВОЛЯ (паказваючы на Эльгу). Нехта ўчора схадзіў на трэнінг.
ЭЛЬГА (Вользе). Зайздросці моўчкі.
СВЕТА. Смачныя булкі.
ЭЛЬГА. Назва пякарні толькі нейкая дзіўная… «Бул-голд».
ВОЛЯ (з іроніяй Эльзе). Гэта твае праекцыі.
ЭЛЬГА (Свеце). А што з Машай не так?
СВЕТА. Не ведаю я. Цёгаецца недзе ўвесь час. Усё разумею, сама сабе гаспадыня і каралева гэтага дабра (паказваючы на сэрвіс). Клопату многа, вядома. Але раней так, як зараз, не было.
ВОЛЯ. Як па мне – усё тое ж.
СВЕТА (больш настойліва, спрабуючы пераканаць). Амаль кожную раніцу недзе! У гэтую падатковую, ледзь не кожны дзень... Што там рабіць?
ЭЛЬГА. Можа гэты яе мужчына там працуе… ці проста не спяшаючыся каву раніцай п'юць. Чаму не? А падатковая — прыкрыццё.
ВОЛЯ. Учора з кімсьці па тэлефоне лаялася. Ну, не зусім лаялася. Хутчэй спрачалася.
ЭЛЬГА. Не чула...
СВЕТА (цікава, гучна). З мужчынам?
ВОЛЯ. Па тэлефоне! Адкуль мне ведаць?
ЭЛЬГА. Можа якое пытанне па дэталях… Я часам думаю, як яна вырашылася на гэты бізнес.
СВЕТА. Ой, Хоспадзі. Як? А што было рабіць?
ЭЛЬГА. Вядома... Але…
ВОЛЯ. Эльгачка, чаму гэта важна? Спытаю так.
ЭЛЬГА. Жартуеш, Воля, не шкадуеш.
Адчыняюцца дзверы, уваходзіць Маша. У руках — паперы...
МАША. Вітаю, даражэнькія. Я такі заказ нам урвала! Як квіткі на прэм’еру ў тэатр.
ВОЛЯ. Здароў. А што? Не дастаць?
МАША. Так, Воля. Не дастаць. Але зараз не пра тое.
СВЕТА. Маша, мы зачакаліся ўжо.
ЭЛЬГА (трэ далоні). І што ж там за заказ?
ВОЛЯ (разводзячы рукамі). Спадзяюся толькі, як не ў мінулым месяцы.
ЭЛЬГА. А што ў мінулым? Нагадай…
ВОЛЯ. У «моцыка» кітайскага люстэрка мянялі, забылася?
МАША (хадзячы па сэрвісе, аглядаючы машыну, стол з пакетам). Гэты заказ з зорачкай!
ВОЛЯ. Ужо баюся. Моцык таксама быў з зорачкай.
МАША (падыходзіць да стала з маніторам, кладзе паперы, раздрукаваныя здымкі). Глядзім усе сюды! Трэба будзе зрабіць так.
Света, Эльга, Воля падыходзяць бліжэй да стала, разглядаюць здымкі.
СВЕТА (здзіўлена, гучна). Катафалк?
ВОЛЯ (быццам падавілася). Эмхэ.
ЭЛЬГА (спакойна). Да фені! Ці плаціць?
МАША. Плаціць! Заўтра ўжо даставяць.
ЭЛЬГА (мяняючы інтанацыю, здзіўлена). Прабачце, але… Не. Я здзіўлена. Тут нават дынамікі. Дынамікі ў катафалк, навошта?
ВОЛЯ. Што гэта за танцуючыя фігуркі на малюнках?
ЭЛЬГА. Воля, гэта Маціс. «Танец».
ВОЛЯ (разводзіць рукамі). А хто гэта?
ЭЛЬГА. Мастак. Ну ты і тундра!
СВЕТА. Чэргаў, Маша, на гэтую машынку, як на квіткі ў тэатр, дакладна не было. Людзі баяцца такога.
МАША. Света, баяцца не баяцца. Тамака, тутака. Усё. Заказ наш. Плаціць добра. Нехта павінен зрабіць. Чаму не мы? І грошы добрыя, і ўсім добра.
ВОЛЯ (зачаравана). Я пайшла.
СВЕТА (асуджальна). Гэта нармальна? Гэта ўвогуле, дзеўкі, здарова?
ЭЛЬГА. Хто мы такія, каб судзіць? Галоўнае, плаціць. І кім бы ён ні быў, дакладна адно – унікум!
ВОЛЯ. Эмхэ. Але ж…(Уздыхае.) Света, ты сёння казала, што галоўнае — гэта настрой. А настрой тут, безумоўна, ёсць.
МАША (ідзе па службовай зоне). Прывезла такі тлусты заказ. Схапіла, як кажуць, зубамі. Найлепшае.
СВЕТА (налівае ваду ў шклянку, глядзіць, не п’е). Пахне паталогіяй. Відавочна.
ЭЛЬГА. Пахне грашыма, Света. Я-та чую.
МАША. А што, гэта цікава. Бадзёрыць.
ЭЛЬГА (у задуменні, дакранаючыся рукамі да твару). Маша мае рацыю. Цікавы выпадак. Чалавек, дакладна, з разуначкай.
СВЕТА (падыходзіць да пакета, падымае яго, наўмысна паказвае). З разыначкай — булкі. А тут, шчыра кажучы, не смешна.
ВОЛЯ. Для мяне «ок». Давайце зробім гэта.
ЭЛЬГА (паўтарае за Волей). Давайце зробім гэта.
МАША. Два тыдні дэдлайн. Я сама буду весці перамовы. Першая аплата ужо паступіла. Я правярала.
СВЕТА. І дзе ты толькі гэта ўзяла?
Жэня. Курсы, на якія ты пайшла, дапамаглі табе намацаць прылады для стварэння тэксту?
Юлія. У любым выпадку там я напісала п'есу (смяецца). На сённяшні дзень гэта сырая работа, але ў той час, мне быў вельмі важны сам факт яе з'яўлення: нас на курсе было каля 100 чалавек, і толькі 20-30 у выніку стварылі тэкст. Для мяне вельмі важна было дайсці да фіналу, каб адчуць, што ўсё не проста так. А затым я зноў вярнулася да той самай дзіцячай п'есы, дапісала яе, і ў выніку атрымалася "Папа, расскажи про Луну". У той момант ужо пачало прыходзіць разуменне, як гэта ўсё працуе. Стала больш чытаць п'ес, глядзець спектаклі. Я прыходзіла ў тэатр не проста як глядач, а каб назіраць, як і што адбываецца. Было важна знайсці адказ "як усё ўладкавана" ў прасторы гісторыі, і ў самім сцэнічным мастацтве. Потым вырашыла, што мне трэба яшчэ павучыцца, аплаціла сабе яшчэ адзін курс, працягнула ўсталёўваць кантакт з драматургіяй. І потым ужо, летам 2025 гады мяне ўзялі удзельнікам лабараторыі ЦБД. Тады я падавала заяўку ў другі раз. Цяпер вельмі рада, што ў 2024 году не прайшла, інакш проста не было б той дарогі, унутранага росту, сталасці, што адбыліся са мной за гэтыя некалькі гадоў. Для мяне неабходны самаадукацыя, чытанне кніг, унутраная вера. Яны дазваляюць мне самой усвядоміць, што я сапраўды сур'ёзна настроена.
Жэня. А цябе не было адчування, што ўсё дарма? Калі з першага разу не атрымліваецца, то і зусім не варта губляць час?
Юлія. На мой погляд, і ў творчасці, і ў звычайным жыцці галоўнае – не здавацца. Бываюць такія перыяды, калі ты наогул не разумееш, навошта нешта робіш, ці трэба гэта некаму. Робіш, робіш, а цябе пераследвае адно толькі адчуванне, што ўсё ў нікуды. Але раптам разумееш, што не можаш проста ўзяць і адпусціць. Нібы здрадзіш сябе, калі не будзеш пісаць. Гэта тое жыццё, якое ты абраў – абраў ствараць. І наогул, ніхто не даваў гарантый, што ты станеш вялікім драматургам. Таму ўстаноўка "не здавацца" – гэта, напэўна, своеасаблівае пераадоленне ўнутранага эгаізму і славалюбства. Калі ты жадаеш рабіць нешта па-сапраўднаму, то ты гэта будзеш рабіць нават пры самых розных акалічнасцях, нават калі і "у стол". Таму што акалічнасці заўсёды будуць, заўсёды. З іх дапамогай можна правяраць, хто ты ёсць сёння. Бо нельга адзін раз выбраць. Кожны дзень даводзіцца задаваць самому сабе пытанне "хто ты сёння, што ты сёння". Так і фармуецца ідэнтычнасць, упэўненасць у тым, чым ты займаешся.
Жэня. Слухай, такі сумленны адказ вельмі адгукаецца. А яшчэ, мне як тэатразнаўцу цікава, якія п'есы ты чытала, якія спектаклі глядзела для натхнення?
Юлія. Галоўным чынам штудзіравала сучасную драматургію. Нядаўна прачытала "Выратаваць камер-юнкеры Пушкіна" Міхася Хейфеца. Дарэчы, не ведала, што ў Маладзёжным тэатры ёсць спектакль па гэтай п'есе, я сыходзіла, каб параўнаць. А яшчэ, з апошняга – "Хам" (Заўв. аўт. праект ЦБД і РТБД). Калі ў вас выйшаў анонс гэтай пастаноўкі, я мэтанакіравана пайшла ў краму, купіла кнігу і пачала чытаць. Рабіла гэта такім чынам, каб паміж спектаклем і раманам быў час: мне важна пражыць гісторыю перад тым, як яе ўбачыць, бо важна пабудаваць падмурак, які будзе ў далейшым абрастаць больш выразным каркасам.
Жэня. У мяне да арыгінала цяжкае стаўленне. Сама гісторыя, яе шматпланавасць для мяне раскрываюцца менавіта ў спектаклі. А як было ў цябе?
Юлія. Сама кніга мяне зачапіла. Асаблівасць мовы Элізы Ажэшка ў тым, што яна вельмі зразумелая і лёгкая, але ад гэтага не меней глыбокая. Але, вядома, з эмацыйнага боку гісторыя вельмі цяжкая. Я разумею Франку. Мне здаецца, у кожнай жанчыны ёсць тая частка, якая нават пры самым лепшым жыцці, будзе імкнуцца яшчэ няведама да чаго. Магчыма, меней "дужаму", меней "бяспечнаму", але неверагодна вабнаму. Імкненне пражыць нейкі невядомы, няўлоўны досвед па розных прычынах можа прачнуцца ў кожнай жанчыне. Таму ў мяне няма пытанняў да Франкі. Пасля прагляду спектакля я не магла заснуць усю ноч – ён вельмі адгукнуўся. Чытала розныя тэатральныя групы, дзе людзі пісалі свае водгукі. Часам мне так хацелася ўступіць у палеміку з імі, але гэтага не зрабіла, і на наступны дзень у мяне выспела ўжо больш выразнае, цэласнае меркаванне. Я змагла сабраць усе свае думкі, якія перанеслі мяне ў асаблівы стан, які я вельмі доўга спрабавала пражыць. Памятаю, калі сядзела ў зале на прэм'еры, звярнула ўвагу на цішыню, якая ўзнікае паміж сцэнамі. Гэта цішыня… яна як бы не палохае і не выкідае з гісторыі. Насупраць, яна далікатна-акуратная, нібы выдых ці крокі да наступнага дзеяння, этапу.
Жэня. Як жа здорава гэта чуць!
Юлія. Я табе нават больш скажу: у мяне былі квіткі на іншыя спектаклі, я іх, шчыра кажучы, вярнула. Не магла пайсці на іншыя пастаноўкі, таму што ведала: гэта будзе кашчунства ў адносінах да любві к тэатру, да мяне, і да досведу, які пражыла дзякуючы "Хаму". Пасля сутыкнення з такімі глыбокімі пачуццямі немагчыма скакаць далей, тым больш я разумела: што б ні было далей, яно не будзе "пераплюнута". Проста я добра сябе ведаю і заўсёды разумею, што і як на мяне ўздзейнічае, ці жадаю я паўтарыць нейкі досвед, і чаму жадаю яго паўтарыць. Звычайна не люблю хадзіць двойчы на адзін спектакль, не думаю, што гэта правільна. Але "Хам" ЦБД і РТБД мне важна паглядзець яшчэ раз, з нейкага іншага боку перажыць гэту "музыку".
Жэня. Гэта вельмі частая гісторыя, калі спектакль трэба глядзець некалькі разоў. У першы ты нібы знаёмішся з самім светам, які табе прапануе аўтар. У наступныя разы ты гэты свет ужо ведаеш, таму можаш глядзець скрозь яго, заўважаць дэталі, нюансы.
Юлія. Так, маеш рацыю.
Жэня. Мы вельмі нечакана (смяюся) і ўдала пачалі казаць пра раман і спектакль "Хам". Бо гэта гісторыя пра складаны ўнутраны шлях жанчыны. І менавіта пра гэта твая п'еса "Чаму гэта важна", напісаная на Міжнароднай драматургічнай лабараторыі, якая прайшла ў верасні 2025 гады.
Юлія. У сутнасці, п'еса пра тое, што "жанчына можа ўсё". Мне сапраўды падабаецца гэта фраза, бо яна падкрэслівае, што жанчына можа быць рознай. Можа сутыкацца з самым супярэчлівым настроем, які будзе раскрываць яе новыя грані. Жанчына вельмі зменлівая, пераменлівая па настроі, па адчуванням, і, напэўна, па нейкай унутранай шчырасці з сабой і іншымі людзьмі.
Сцэна 2
Ноч. Кватэры Волі, Эльгі, Светы.
Кватэра Волі. Воля ляжыць на ложку з тэлефонам, гартае анкеты ў дадатку для знаёмстваў.
ВОЛЯ. Герман? Не. Далей. З рыбай? Сур’ёзна? Эмхэ. Жанаты. Так, гэты сімпотны. Анкета. Што тут. Так: «жадаю жанчыну для адносін, не сціплую, актыўную, пажадана з невялікімі грудзьмі, але не абавязкова». Налева. Далей што? Анкета, так: «здаецца, чалавек я добры, але нервы пакалашмаціць магу, сайт — дрыгва, якая стварае ілюзію велізарнага выбару, а па факту толькі каб разглядаць дзевак, і усё». Ой, дык не глядзі. Блевануць хочацца. (Адкладае тэлефон. Ляжыць, глядзіць у столь.) А калі хто-небудзь з гэтай цудоўнага сайту да нас на сэрвіс заедзе? Што я дзеўкам скажу? Не хачу, каб яны ведалі. Погань нейкая.
Выключае святло.
Кватэра Эльгі. Ляжыць на ложку слухае лекцыю.
ГОЛАС ЛЕКТАРА. Яшчэ раз падкрэслю, што эга можа капітуляваць толькі тады, калі лічыць канфлікт нявырашаным. Яно не знаходзіць другога выйсця, як толькі падпарадкавацца знаку ад Бога. Для неўсвядомленых людзей гэта не зразумела, але новае ўяўленне аб жыцці фармуецца толькі пасля, так званага, пройгрышу.
Адключае лекцыю.
ЭЛЬГА (падкрэслена). Псіхолаг Эльга! Гучыць. (Спакойна і сумна.) Майстар сэрвісу Эльга. Таксама гучыць, але сэрвіс не можа і не павінен быць на ўсё жвццё. Не ведаю… калі? Калі сказаць дзеўкам, што пайшла вучыцца…. Можа, зімой…. Не зараз. Не ведаю... Чамусьці супраціўленне. Патрэбен знак ад Бога. Буду чакаць.
Выключае святло.
Кватэра Светы. Света на ложку ў масцы для твару.
ГАЛОС ДАЧКІ ЗА СЦЯНОЙ (з надрывам). Пакінь мяне ў спакоі. Я не хачу так, як ты!
Жэня. Раскажы, як ты прыйшла менавіта да гэтых зыходных – чатыры вельмі розныя жанчыны трымаюць свой аўтасэрвіс.
Юлія. Падчас падрыхтоўкі да лабараторыі зразумела, што ў мяне няма нейкай дакладнай ідэі, якую варта развіваць. Але літаральна за некалькі дзён да ад'езду, ў галаве быццам бы пачынаюць жыць нейкія людзі. Я іх не запрашала, але яны нібыта адмыслова прыйшлі менавіта так, знянацку. І вось бачу дзвюх жанчын, яны размаўляюць, разважаюць… Я дзесьці сабе зрабіла нататку, "ну няхай пажывуць". На наступны дзень яны не зніклі, а працягнулі існаваць у маёй падсвядомасці. А ўжо пазней, калі гісторыя пачала вымалёўвацца, згадала: некалькі гадоў таму я была ў зусім маленькім горадзе на адным прадпрыемстве, звязаным з аўтамабілямі. Там працавалі жанчыны. І так здарылася, што прадпрыемства пачало памалу развальвацца. Я размаўляла з гэтымі жанчынамі, адчувала нейкае шкадаванне, шмат любові да сваёй справы, жаданне выратаваць сваё месца, неяк палепшыць яго. Вядома, у іх была крыўда на тых, хто меў дачыненне да гэтай сітуацыі. Магчыма, гэтыя людзі зусім і не былі звязаныя з такім заняпадам, але ў гутарках чуваць былі думкі пра самыя розныя акалічнасці, што маглі паўплываць на сітуацыю.
Жэня. Атрымліваецца, не проста так, твая п'еса нарадзілася.
Юлія. Я думаю, гэты эпізод крануў маю душу. І ён, напэўна, жыў ва мне, спеў і пачаў раскрывацца ў дакладна падыходзячы час. А сам прыклад аўтасэрвісу, на мой погляд, яшчэ і пра тое, што часта жанчына знаходзіцца ў нестандартных умовах. Не проста ў розных, а ў нетыповых, не ў цяплічных. Бо ў Беларусі жанчыны працуюць у розных сферах, выконваюць розныя задачы. П'еса стала для мяне магчымасцю з розных бакоў паказаць само існаванне жанчыны: як яна адаптоўваецца да розных сітуацый, як выяўляе сябе ў працы, у зносінах з калегамі, блізкімі людзьмі. Як наогул тая справа, якой займаецца жанчына, можа паўплываць на яе характар. Усё гэта фарміруе жаноцкасць, якая складаецца з прыгажосці, унутранай мяккасці, сілы. Але ёсць і іншая сіла, якая стварае свет у тым выглядзе, у якім ён існуе. Гэта сіла таксама ёсць у жанчыны.
МАША (спакойна, крыху стомленым голасам). Катафалк прыгнала. Усім добрай.
ВОЛЯ (не адрываючыся ад машыны, спакойна). Добрай.
ЭЛЬГА (бадзёра). Добрай-добрай. Прагледжу тут — і стаўлю імбрычак. А чаму сама, Маш, прыгнала?
СВЕТА (з сумам, павольна ўстае). І табе добрай. Маш, так дзе ты знайшла гэты заказ? Ты не расказвала. На конкурс яго трэба.
ЭЛЬГА. Вось конкурс за кавай і абмяркуем. Мы амаль у мэты, другія у спісе.
ВОЛЯ. Мяне толькі назва абурае (найграна): «Жанчына можа ўсё», дакладна мужык прыдумаў.
СВЕТА (раздражнёна). Воль, не пачынай.
ВОЛЯ. Ну, не ведаю. А ідэя сама прыкольная. Падтрымаць жаночы бізнес. Але назву дакладна дуралей прыдумаў.
ЭЛЬГА. Гэта хутчэй каб звярнуць увагу на тое, дзе працуюць жанчыны, і што яны не заўсёды інструктары па йёге, доктаркі і касметолагі. Яны там, за межамі магчымасцяў у шырокім сэнсе.
МАША. Добра, усё гэта бла-бла. Катафалк, Воль, пасля у гараж загані. Гэту, бачу, дарабілі? Света, давай пакуль часова заказы браць не будзем.
РАЗАМ. Цяпер можна і каву.
СВЕТА. Як ты сябе адчуваеш, Маша? Усё добра?
МАША. Так. Мігрэнь, ведаеш, як звычайна.
ЭЛЬГА. Стрэсы.
Света, Воля, Эльга мыюць рукі па чарзе, збіраюцца за стол. Эльга заварвае каву ў кубках. Света раскладвае печыва.Воля з тэлефонам у руках. Маша назірае. П’юць каву.
МАША (узбуджана). Света, нешта і ты сёння абы якая. Нешта здарылася? Усё добра?
СВЕТА (хаваючы твар, адварочваючыся). Так... Не выспалася.
ВОЛЯ. Бывае.
МАША. Не выспалася? Колькі цябе помню, умееш засыпаць нават стоячы
ЭЛЬГА. Каб узбадзёрыцца, дзеўкі, робім так (трэ мочкі вушэй).
СВЕТА. Ой (адмахваецца.) Адкуль ты гэтага набіраешся?
ВОЛЯ. Эльга можа.
МАША. Чакайце, даражэнькія! Света, ты ведаеш, калі што - разлічвай на мяне. Можа за дачку хвалюешся, паступленне ўсё ж такі вось-вось. У мяне рэпетытар добры ёсць. Рыхтуе добра, нейкая свая праграма запамінання.
СВЕТА. Дзякуй, не трэба. Каленкі ноччу нылі.
МАША (спрабуе печыва). А што з імі?
СВЕТА. Печыва смачнае (бярэ ў рукі ўпакоўку). З чаго там зроблена?
ЭЛЬГА. Вунь там нават значок кальцыю (паказваючы на пачак, надкусвае печыва.) Дакладна карысна.
МАША (Эльзе). Кальцый да аднаго месца, калі суставы. (Свеце.) Можа ўсё, што заўгодна быць.
Жэня. Чытаючы п’есу я не магла зразумець, на якой менавіта думкі ты факусуешся. Ты нібы ствараеш саму прастору-планету гісторыі, і ўсе сітуацыі, у якіх апынаюцца твае гераіні, быццам своеасаблівыя люстры, у якіх адлюстроўваецца свет. Але пры гэтым, мне да самага канца хацелася зразумець, ці любяць твае гераіні адна адну па-сапраўднаму, па-за працай. Ці могуць яны быць побач без аўтасэрвісу? Бывае так, што мы любім чалавека, групу людзей у нейкіх дакладных абставінах. Але калі гэтыя абставіны "разваляцца", то недахоп гэтых людзей у жыцці проста не будзе адчувацца. І вось мне цікава: сама сувязь паміж гэтымі жанчынамі самастойная ці існуе толькі ў кантэксце агульнай справы, якая іх аб'ядноўвае? У фінале Маша памірае і кожны працягвае жыць сваё жыццё…
Юлія. Яны жывуць сваё жыццё, памятаючы і любячы адна адну, але ўжо па-іншаму. Як быццам бы агульная гісторыя навучыла іх другой глыбіні любасці. Напачатку, калі толькі ствараўся аўтасэрвіс, гераіні не выбіралі друг друга адмыслова, не выбіралі любіць. Гэта людзі, якія апынуліся разам, у адным калектыве. Усе гэтыя жанчыны добра адна да другой ставяцца, яны розныя, дзесьці ёсць паразуменне, дзесьці няма. Але, у любым выпадку, у іх ёсць агульныя ніці. Глыбіня іх пачуццяў відавочна ў фінальнай сцэне: Машы больш няма, кожная гераіня распавядае пра сваё жыццё. Менавіта праз усведамленне, праз нейкі выбар гераіні навучыліся глыбей глядзець у гэту любоў.
Жэня. Можа быць, адыход чалавека дапамог ім усвядоміць гэту любоў?
Юлія. Смерць чалавека дапамагла ўсвядоміць пачуцці, але яна сама па сабе не з'яўляецца галоўнай. Як Маша сыходзіла? Яна практычна прыняла свой трагічны лёс, і толькі Эльга ўгаварыла яе пайсці на аперацыю. Калі мы любім, то лічым, што ведаем, як чалавеку лепей. Лепей пайсці лячыцца, напрыклад. Але насамрэч, мы ніколі не ведаем, як дакладна будзе лепей. Маша не кажа пра дыягназ, яна жадала б з'ехаць, пакінуўшы каляжанак у нейкай невядомасці, з іх асабістым выбарам, з далейшым жыццём. Але яны даведваюцца пра хваробу, пра тое, што жанчына не жадае працягваць лячэнне. На гэтым фоне кожная гераіня спрабуе зразумець штосьці для сябе. Гэта значыць, што мы ўсё адно задаёмся пытаннем, "як бы я павёў сябе ў гэтай сітуацыі" з боку сяброўкі, сёстры, ці іншай жанчыны, якой сказалі пра такі дыягназ….
Жэня. У выніку гераіня памірае, і ўсё на ўласным, такім нечаканым досведзе разумеюць, што жыццё мае канец …
Юлія. Яно канчатковае, але наколькі мы ў гэтым жыцці адкрыты адно да аднаго? Наколькі можам казаць пра тое, што нам падабаецца? Пра тое, што Эльгу, напрыклад, вабіць іншая прафесія, і яна баіцца насмешак, асуджэнні. А можа, яна баіцца, што калі яна сыдзе, то сэрвіс разваліцца, бо квартэт – гэта ўстойлівая група людзей. І вось так кожная баіцца пра нешта казаць. Быццам бы яны падтрымліваюць, любяць адна адну, гатовыя прыйсці на дапамогу, пагаварыць. Але ў той жа час кожная штосьці замоўчвае, тым самым вядучы ўласную гульню.
МАША. Эльга, мяняй прафесію, даражэнькая!
ЭЛЬГА. Тады на хлеб з ікрой не будзе (з сумам, падыходзіць да люстра, глядзіць быццам у сябе).
ВОЛЯ. Ну, не ведаю. Пайшла замаўляць блінцы (бярэ тэлефон, ідзе ва ўнутранае памяшканне).
ЭЛЬГА. Жудасны дзень сёння.
МАША. Так… Галава яшчэ трошкі баліць, але ўжо лягчэй. Заўтра даробім кінутае. Яўген у чарговы раз просіць падгалоўнікі перацягнуць.
ЭЛЬГА. Мой любімы занятак (кранае Машу за руку, усміхаючыся).
МАША. Чаму?
ЭЛЬГА. Мінулым разам – думала мацюкацца пачну.
МАША. Так, я гэта не чула. (Эльга паціскае плячыма.) Ніхто нікому, выходзіць, нічога не кажа.
ЭЛЬГА. Выходзіць...
Разыходзяцца ў розныя бакі.
Сцэна 5
Ноч. Кватэра Машы. Маша стаіць голая перад люстрам, разглядае цела, кранае рукі, плечы, ключыцу. Збірае валасы ў пучок, трымае рукамі, глядзіць на сябе, адпускае. Бярэ скрыпку, водзіць смычком, граць не ўмее. Спрабуе, моршчыцца ад гуку. Адкладае. Падыходзіць да шафы адчыняе. Дастае сукенку на вешалцы, глядзіць на яе, кранае рукавы, падол.
МАША. Адчуваю твой пах. З дзяцінства. Ні з чым не зблытаю. Ніколі. Аксамітны, ліпкі… Ходзіш, стогнеш. У чыстай сукенцы, на шыі вянок. Колькіх ты адразу захінаеш? Колькіх рыхтуеш да таінству сну?
Вешае сукенку ў шафу. Рассцілае дыванок для ёгі. Выключае святло. Кладзецца. Уключае медытацыю.
ГОЛАС У МЕДЫТАЦЫІ. Медытацыя рэгенерацыі душы перад уваходам у вялікую прастору кахання. Ляжце зручна. Рукі свабодна. Сфакусіруйце ўвагу ў вобласці грудзі. Уявіце агонь, затым свядома ўвайдзіце ў яго, не бойцеся, ён небяспечны. А зараз папрасіце прабачэнне ва ўсіх, каго пакрыўдзілі вы, і прабачыце ўсіх, хто пакрыўдзіў вас. І павольна можаце перайсці ў сон. Медытацыя рэгенерацыі душы перад уваходам у вечнасць будзе дапамагаць вам і ў сне.
Сцэна 6
Аўтасэрвіс. Маша адна. Разглядае сцены, абсталяванне. Заходзяць Света, Воля, Эльга. Доўгае маўчанне. Дзяўчыны са здзіўленнем глядзяць на Машу. Света павольна падыходзіць да бліжэйшага крэсла, садзіцца. Эльга і Воля падыходзяць бліжэй да Машы.
ВОЛЯ. Эмхэ.
СВЕТА. Хоспадзі, ты што падстрыглася? Маша, ты чэканулася?
ЭЛЬГА. Нават і не сказала, што збіраешся... Файна (разглядае Машу з ўсіх бакоў). Нечакана толькі... Можна яшчэ зверху заміліраваць.
МАША (папраўляючы валасы, спакойна). І мне падабаецца. Гэта дзякуй майму дарагому за мой новы імідж.
СВЕТА. А ён сапраўды ёсць? (Падыходзіць бліжэй да Машы, глядзіць з падазрэннем.) Мы яго нават ніколі і не бачылі. Толькі і чуем «мой мужчына, мой мужчына».
ЭЛЬГА (паціскае рукой плячо Светы). Света, не ўсіх жа знаёмяць. Яна не хоча. Праўда?
ВОЛЯ. Кусацца не будзем.
МАША. Ён заняты (марудна). Ды і нашто?
ВОЛЯ. Эльга, вось зараз бы і пачуць адказ на тваё пытанне.
ЭЛЬГА. Якое?
ВОЛЯ. Чаму гэта важна?
СВЕТА. Я не ведаю, чаму або каму там што важна. І ведаць не ведаю не пра Марсы з Венерамі, але дакладна адно - апошнія два тыдні ў нас хаос.
МАША. Падабаецца? Як вам?
ВОЛЯ. Сукенкі ў турэцкія агуркі не хапае. Жартую.
СВЕТА. Воля, думаеш, гадкоў праз дваццаць не такой будзеш?
ВОЛЯ. Крый Божа.
ЭЛЬГА. Ведаеш, Маша, добра. Толькі збялелая ты нейкая апошнім часам, вітамінак бы табе прапіць.
МАША. Так, якраз пра вітамінкі (паўза, глядзіць на дзяўчынак, рукі ставіць на пояс.) Я вам зрабіла медыцынскія страхоўкі.
Маша кладзе карткі на стол. Дзяўчаты пераглядваюцца.
МАША. Што?
ЭЛЬГА (разгублена). Дзякуй.
ВОЛЯ. Мне гэта не трэба.
ЭЛЬГА (Воле). У сэнсе? Як гэта не трэба?
Воля паціскае плячыма.
СВЕТА (Машы). Дзякуй. Але нават і не параілася. Ты апошнім часам усюды, але толькі не на рабоце, а ў нас, між іншым конкурс.
МАША. І не жыць? Нам ад конкурсу якая карысць? Халяўная фотасесія ў не паймі-якога фатографа?
СВЕТА. Шыльду яшчэ на дзверы павесяць.
МАША. І куды мы яе? На гараж? Да нас сюды ў асноўным мужыкі даязджаюць, ім пофіг тая шыльда, ім бы на нас пазыркаць, а не на пяць зорак, што на дзвярах.
ВОЛЯ. Згодна.
СВЕТА. Ой, сорам які.
ЭЛЬГА. Ніякага сораму.
ВОЛЯ. Я так думаю, Маша, ты не хочаш, каб мы далей удзельнічалі?
МАША. Не бачу сэнсу. Жанчына можа ўсё – гэта бясспрэчна. І адзначу, што кожная. А журы хто? Адным словам, абсалютна суб'ектыўны выбар пяці кандыдатаў. Мо толькі будзе важным меркаванне невядомага наведвальніка. Але не зразумела на якіх умовах, што пажадае гэты наведвальнік, ён можа проста зайсці каб нешта спытаць, а можа і заказ зрабіць.
ВОЛЯ (усхвалявана). А я не ведала гэтага.
ЭЛЬГА. Так... Пра гэта ніхто не казаў.
<…….>
МАША. Я нядаўна знаёмую сустрэла… (Паўза.) Некалькі год на мора разам ездзілі. Яна адна. Я адна. Ёй аперацыю зрабілі, выдалілі малочную залозу. (Маўчанне.) Страхоўкі вырашыла зрабіць. (Круціць у руках кубак.) Але не пра гэта.
СВЕТА (стукае лыжкай па стале). А пра што?
МАША. Хочацца паспець пажыць. Не для некага. А для яе… той. Той, што там, глыбока (паказвае на сэрца). Чаму ёй няможна? Пастрыгчыся коратка? Чаму нельга? Жадаць. Адчуваць свае цела. Адчуваць, не талі, калі нечыя рукі яго кратаюць, а адчуваць сябе у сваёй свабодзе, таму што гэта маё рашэнне.
ЭЛЬГА. Так… мабыць.
СВЕТА. Якая знаёмая? Я яе ведаю?
МАША. Не, не ведаеш.
ВОЛЯ (падпірае рукамі галаву). Таму стрыжка?
МАША. Таму (на глыбокім шумным выдыху), лЮбыя, я прадаю сэрвіс.
Маўчанне. Света па-ранейшаму стукае лыжкай. Эльга назірае за рэакцыяй дзяўчынак.
СВЕТА. Маша? Ты што? Маша, гэта не смешна?
МАША (сумна). Не смешна.
ЭЛЬГА. Ты добра падумала?
ВОЛЯ. А мы?
МАША. Вы зможаце тут застацца.
СВЕТА. Каму?
МАША. Яўген купляе. Натарыус на дзесятае прызначаны.
ВОЛЯ. Дзесятае ў панядзелак ужо.
МАША. Так, у панядзелак.
ВОЛЯ (расчаравана ўстае, паварочваецца да машыны). Так хутка...
ЭЛЬГА. Нечакана.
СВЕТА. Чаму?
Маўчанне.
МАША. Мой мужчына прапанаваў з’ехаць ва Узбекістан.
СВЕТА (бярэцца рукамі за галаву). Маша, ты прабач, але, здаецца, ты ўжо «з’ехала».
ЭЛЬГА. Ты, можа, з’ездзі, паглядзі як там што. Пасля, калі што, прадасі, мы справімся. Не спяшайся, Маш. Нават мая ўстойлівая псіхіка зараз у шоку.
Жэня. Ты выказала думку, якая можа ісці праз ўсё тваё драматургічнае разважанне: чалавек заўсёды думае, што ведае, як будзе лепей іншаму.
Юлія. У сутнасці, я тут сама задаю пытанне пра тое, ці маем мы права вырашаць, угаворваць некага. З аднаго боку, гэта ж правільна – дапамагчы блізкаму. Калі мы разумеем, што чалавек дзейнічае неяк ірацыянальна, ён нечага баіцца, то наша дапамога можа стаць для яго падтрымкай, яна надасць яму ўпэўненасці. Але, а ўсё ж такі…. Маша паслухаўшыся Эльгу, ідзе на аперацыю, і памірае нашмат раней, чым калі б яна сышла самастойна. Ніхто не вінаваты, што аперацыя пайшла не па плане, але, усё ж такі можа мы не маем права падштурхоўваць іншых людзей да дзеянняў?
Жэня. Я правільна разумею, што ты не знайшла для сябе дакладнага адказу?
Юлія. Не. У сутнасці, я правакую і сябе, і чытачоў на разважанне. Але ўсё ж я мяркую, што чалавек воляй выяўляе, як яму рабіць ў сваім жыцці. І ёсць нешта большае, на што ніхто не можа паўплываць. Мы можам сутыкацца з пачуццём віны, але жыццё ўвесь час вядзе нас да таго, што хтосьці сыходзіць, і, бывае, раптам. Да гэтага нельга быць гатовым. Сыходзяць розныя людзі, сыходзяць людзі маладыя, а жыццё ўсё адно працягваецца і будзе працягвацца. Шмат чаго мы не можам выбіраць, яно проста здараецца. Пра гэта трэба памятаць. Таму я спрабавала праз гэты тэкст сказаць, што трэба зыходзіць менавіта ад сябе, ад унутранай сумленнасці з сабой і іншымі. Жыццё канчатковае, таму добра б не адкладаць нейкія рэчы на "пасля". Маша пачынае хадзіць на фламенка таму, што ведае: заўтра можа не наступіць. А калі наступіць, то невядома, якім яно будзе. Мы ж усё, насамрэч, марым пра нейкія банальныя рэчы. Напрыклад, прачнуцца нядзельнай раніцай і паснедаць у нейкім прыгожым месцы. Ты думаеш пра гэта 5, 10, 20 дзён, а потым праходзіць год, а ты так і не выканаў такое банальнае жаданне. У сутнасці, гэта ж дробязь, але менавіта такія дэталі і ствараюць жыцці, аб'ём, настрой. Бо насамрэч гаворка ідзе не пра сняданак, а пра нейкія іншыя рэчы, якія мы носім у сабе, марым і не робім.
Жэня. Таму вакол кожнай гераіні, не толькі Машы, ты ствараеш свой маленькі Сусвет, які складаецца са страхаў і жаданняў. А побач праходзіць зыбкасць жыцця, увасобленая ў дыягназе Машы, пра які практычна да фіналу не ведае ніхто, акрамя яе самой…
Юлія. Чалавек не павінен баяцца жыць. Ва ўсіх гэтых жанчын свая гісторыя, але яны ў выніку сутыкаюцца ў адной кропцы, дзе кожная гераіня спрабуе выявіць сябе, змагацца са сваімі страхамі.
Жэня. А хто табе з гэтых гераінь бліжэй за іншых?
Юлія. Гэта вельмі складана вызначыць. Кожная ўвасабляе тую ці іншую частку маёй унутранай жанчыны, якая ўвесь час спрабуе штосьці памяняць, асэнсаваць вакол самой сябе. Таму я не хачу выбіраць. Паказваючы розных гераінь я жадаю сказаць, што кожная жанчына прыгожая, шматгранная. Усе мы адрозніваемся адна ад адной, але нейкія праўдзівыя, прыродныя праявы жаночай сутнасці нас аб'ядноўваюць.
ЭЛЬГА. Аўтасэрвіс «Алегорыя». Калі тэлефанавалі? Так, размаўлялі не са мной. Не, яе няма. Маша. Уладальніца. Так. Торцік не патрэбен. Не ведаю калі будзе. Жадаеце зрабіць заказ? Тады да спаткання. (Кладзе тэлефон. Злуецца.) Фігня нейкая. нашто тэлефануе?
ВОЛЯ. Можа, гэта ананімны кліент ...
ЭЛЬГА. А торт прычым?
ВОЛЯ. Не ведаю.
ЭЛЬГА. Нервы паднялі. Валяр’янкі, можа, выпіць…
ВОЛЯ. Або выпіць...
ЭЛЬГА. Ну, вядома (раздражнёна). Я не п’ю, сама ведаеш.
ВОЛЯ. А напружанне як здымаць?
ЭЛЬГА. Заўтра пайду.
ВОЛЯ. Здзіві. Як?
ЭЛЬГА. Што адразу, здзіві?!
ВОЛЯ. Чарговая мазгапраўка.
ЭЛЬГА (падыходзіць да люстра, глядзіць). Не кажы так, не мазгапраўка! Гукавы масаж.
ВОЛЯ. Няма куды грошы падзець? Самы час пачаць эканоміць. Невядома, што заўтра будзе.
ЭЛЬГА. Наадварот. З'явіцца рэсурс, пасля масажу. Які сэнс у эканоміі? Ніхто ведаць не ведае ці будзе тое заўтра.
ВОЛЯ. Гэта дакладна.
ЭЛЬГА. У апошні год усім цяжка было. З пастаўкамі ніколі не ясна. Манікюр забылася, калі ў апошні раз рабіла. Не таму што няма часу, а таму што няма сэнсу на пару гадзін ці вечар. Перамен ужо як бы і хацелася, але... не так... не такіх...
ВОЛЯ. Будуць табе перамены.
ЭЛЬГА. Яшчэ пашанцавала, што Яўгена ведаем. Але ўсё роўна асадачак. Трэба будзе прыгледзіцца.
ВОЛЯ. Ты і яму свае пытанні будзеш задаваць?
ЭЛЬГА. Не думаю...
ВОЛЯ (змякчэла). Пайшлі што карыснае зробім. Дэфармацыя на катафалку, пагнуты. Выправіць трэба. Калі занятая, то ўсё быццам бы і «ок» (паходзіць да машыны, разглядае ўвагнутасць). Выцягнуць можна без праблем, добра што невялікая ды не вострая.
ЭЛЬГА (прыносіць інструменты, затым светлавую дошку). А можна пытанне?
ВОЛЯ. О, вось і змены? Адкуль гэта “можна”?
ЭЛЬГА. Як ты даведалася, што бацькі без вестак зніклі?
ВОЛЯ. А ніяк. Яны і не зніклі.
ЭЛЬГА. Не зразумела…
ВОЛЯ. Не знікалі. Прыдумала.
ЭЛЬГА. У сэнсе? Нашто.
ВОЛЯ. Не ведаю (прысаджваецца на кукішкі). Першы раз, калі пра сябе расказвала, пабаялася, што не возьмуць.
Маўчанне.
ЭЛЬГА. Яны жывыя?
ВОЛЯ. Не. Ён яе, а потым сябе ... Мне было шаснаццаць.
ЭЛЬГА. Які жах... (Прысаджваецца побач.) Ты такая роўная да гэтай гісторыі. Замарожаныя пачуцці…
ВОЛЯ. Я проста дужая.
ЭЛЬГА. Дужая, каб трымацца. Але наколькі хопіць?
ВОЛЯ. У сябе запытайся. Мне здаецца, табе даўно ужо час не тут гайкі круціць.
ЭЛЬГА. З хворай галавы.
ВОЛЯ. Я хадзіла да псіхолага. Яна казала, што грань паміж прыняццем і барацьбой вельмі тонкая. І што гэта, між іншым, (паказваючы двукоссі пальцамі) можа адзін найгалоўнейшы выбар чалавека. Што тое, што здарылася, — траўма. Ці як там кажуць... Умоўна, альбо мне аддаць усе сілы на барацьбу, альбо знайсці спосаб спраўляцца. Я пазнаёмілася з хлопцам адным у семнаццаць. Ён машыны рамантаваў. А ў яго сястра загінула, патрапіла пад колы калі ішла з коўзанкі, дарогі не былі расчышчаны ці што там. Мы на гэтым болі машыны рамантавалі, ён паказваў. Не ведаю як, але, я разабралася. Для мне гэта ўсё — маё жыццё. А табе вось зусім не тут месца.
ЭЛЬГА. Мне здаецца, мы першы раз так з табой блізка. Дакладней, так – першы раз.
ВОЛЯ. Не было часу. Для такога не было.
ЭЛЬГА. Так-та. Ведаеш… А я аднойчы паднесла рукі пад кран з вадой — і стаю, чакаю, калі пойдзе гарачая. А вада ледзяная цячэ з крана для гарачай. Стала так пагана, брудна. І я зразумела, што гэта пра ўнутраны стан. Калі хочацца цяпла чалавечага. Я чакала, пакуль пойдзе гарачая вада, каб сагрэцца, але яна так і не пайшла. Доўга стаяла. А яна так і не пайшла... Так бывае і ў адносінах. Здаецца, вось-вось пацяплее, чакаеш, нясеш страты... Замярзаеш. Затым вельмі складана адагрэцца. Кожнаму чалавеку патрэбна і важна чалавечае цяпло, якое можа сагрэць, падтрымаць. І вось тады я стала чытаць кнігі па псіхалогіі, глядзець лекцыі, хадзіць на тэрапію. А пачалося проста з жадання памыць рукі. Ці не...
Грукат у дзверы. Уваходзіць Стары.
СТАРЫ. Дзень добры
ЭЛЬГА (незадаволена). Не такі і добры.
СТАРЫ. Эльга, я да вас.
ВОЛЯ. Можа, ён ананімны кліент?
ЭЛЬГА. Не заказвае ж нічога.
ВОЛЯ (падымаецца, бярэ ліхтарык). Што зноў? (Свеціць ліхтарыкам на Старога.) Мы не сацыяльная служба падтрымкі. Мы паслугі па кузаўным рамонце аказваем. І рэдка, вельмі рэдка, па спецыяльнай дамоўленасці салон перарабляем. Вам рамонт патрэбен?
СТАРЫ. Мне Эльга патрэбна, я да Эльгі. Эльга-а-а.
Воля адыходзіць у бок.
ЭЛЬГА (падыходзіць да Старога). Вам колькі год?
СТАРЫ. Усе мае.
ЭЛЬГА. А мне — трыццаць тры. Разумееце? Я ясна кажу?
СТАРЫ. Я тут... разумееце... Верш напісаў. Вам. Паэзія... (прыкрывае вочы ад задавальнення). Вы паслухайце. Я — вам. Замуж не клічу… (Перамінаецца з нагі на нагу.) Разумееце. Я... энергія ў вас.
ЭЛЬГА. Чытайце (уздыхаючы).
СТАРЫ. Вячэрнія агні — крышталь.
Усмешка Эльгі — зоркі.
Мне часу не шкада
Я да яе лячу,
Адольваючы ўзгоркі.
ЭЛЬГА. Моцна! Валодаеце стылем, сэнсам. Дзякуй.
СТАРЫ. Можа, віна? Да мяне зойдзеце. Вып’ем? Чырвонае. «Монастырская изба». Ці ў рэстаран «Стойкі»?
ЭЛЬГА. У мяне мама крыху маладзейшая за вас, давайце я вас з ёй пазнаёмлю.
СТАРЫ. З мамай не трэба. Я ж замуж не клічу.
ВОЛЯ. У Эльгі хлопец можа ёсць. Вы нават не запыталіся.
СТАРЫ. У мяне канкурэнтаў няма. Я былы загскладам.
ЭЛЬГА. Нам трэба працаваць.
СТАРЫ. Жыць трэба. Разумееце? Вы не разумееце. Разумееце?
ЭЛЬГА. Усё. Выбралі ліміт цярпення. Досыць. Вы як «заг» няважна чаго, павінны зразумець, што больш сюды вам прыходзіць не трэба. Зразумелі?
СТАРЫ. Не чакаў... Мне падабаецца (ганарліва сціскаючы вусны, задавальненне на твары). Заўтра прыйду...
Стары сыходзіць.
Жэня. Твая п’еса мае назву "Чаму гэта важна". Гэта фраза з'явілася ў цябе яшчэ на лабараторыі. Чаму гэта важна для цябе?
Юлія. Гэта фраза прыйшла да мяне менавіта на лабараторыі, недзе ў першы ці ў другі дзень. Я памятаю, што адкрыла ноўтбук, запісала сабе гэты тэкст. І такое пытанне задае інтанацыю, настрой усёй гісторыі.
Жэня. Памятаю, што на лабараторыі табе прапанавалі розныя версіі развіцця гісторыі, усім хацелася ледзь больш "жорсткасці", нейкіх паўкрымінальных, сюрэалістычных, іранічных момантаў. Як ты ў гэтай плыні вялікай колькасці розных ідэй знайшла "тое самае"?
Юлія. Я вельмі ўпарты чалавек. Часам нават трохі псіхавала ўнутры, таму што мне вельмі важна быць сумленнай ва ўсім. Асабліва, калі гэта тычыцца тэкстаў. Гэта тое, што я прапускаю праз усё цела, праз "пальцы". І калі ёсць нейкая ідэя "на мільён даляраў", але яна не "мая", я не вазьму яе. Таму што яна не належыць мне, яна – іншародны аб'ект для маёй задумы, для майго пачуцця.
Жэня. А ты не бачыш выклік у тым, каб пайсці на супраціў і паспрабаваць прыручыць тое, што спачатку здаецца чужым для цябе? Тут жа справа не ў тым, каб ісці супраць сябе, а каб адкрыць у сабе новыя, меней знаёмыя грані сябе і тэм, якія цікавяць цябе.
Юлія. У мяне ўсё па любасці. Калі я не палюбіла, то ўжо і не палюблю, гэта не будзе добра, будзе "брудна". Вядома, шматлікія ідэі спрабавала прапусціць праз сябе і зразумець, ці падыходзяць яны мне. Выходзіла ў лес, "брала" нейкае рашэнне і думала пра тое, наколькі яно "маё". Я ні ў якім разе не абясцэньваю вынаходкі іншых. Гэта нібы зоркі, якія павінны прыжыцца на небе. Я бяру адну зорку, яна сама па сабе файная, але не падыходзіць майму небу. Але я ўдзячная гэтаму лабараторнаму досведу і ўсім, хто быў побач, вёў нас. Я магла не браць нечыя рашэнні і прыёмы, але куратарская падтрымка дапамагла мне развіць уласныя. Дапамагла мне зразумець, чаго я сапраўды жадаю. Не думаю, што гэты тэкст здарыўся б без лабараторыі.
Жэня. Вяртаючыся да тваіх гераінь, чамусьці іх хочацца паказаць вобразамі. Ці ёсць у цябе нейкія асацыяцыі, якімі можна было ахарактарызаваць гэтых жанчын? Так, каб яшчэ да знаёмства з п'есай мы змаглі пра іх больш даведацца.
Юлія. Чатыры гераіні роўна чатыры стыхіі, і я б сюды нават дадала пятую – стыхію эфіру. Света – гэта зямля: цвёрдая, вельмі прызямлёная. Яна прыносіць усім печыва на сняданак, выхоўвае дарослую дачку. Эльга, на мой погляд, стыхія вады. Шматлікія рэчы яна спрабуе абыйсці, згладжвае канфлікты. Яна без хамства адказвае сталаму надаедліваму наведвальніку, спрабуе дапамагчы Машы, праяўляе спачуванне да Светы, нібы размягчаючы гэту зямлю. Воля падобна на стыхію агню: трошачкі рэзкая, вострая. Яна грубіць замоўцу, ад якога залежыць прыбытак іх "прадпрыемства". Магчыма, яна такая з прычыны свайго ўзросту, а можа, гісторыя жыцця так паўплывала на яе. Мне здаецца, што гэта полымя яшчэ разгарыцца, яно ў самым пачатку свайго жыцця. У нас засталася стыхія паветра, і сюды падыходзіць Маша. Яна як бы ў нейкіх вышэйшых пластах. Напрыклад, робіць медытацыі лячэння душы перад сыходам у вечнасць, прыдумляе сабе неіснуючага мужчыну, заказвае катафалк, нікому не тлумачачы. І гэта паветра паступова пераходзіць у эфір, які злучае ўсе гэтыя стыхіі.
Жэня. Тады не проста менавіта на ёй трымаецца аўтасэрвіс, яна абагульняючае звяно, за якое мацуюцца астатнія. Але цікава вось што: мы, чытачы, бачым Машу першапачаткова ў гэтым яе стане "паветра", калі яна дазнаецца пра сваю хваробу і разумее, што трэба лавіць апошнія імгненні жыцця ўсялякімі спосабамі. А як ты думаеш, які яна была да гэтага? Вядома, што здольнасць да "гульні" ў ёй была заўсёды, але наўрад ці яна была настолькі відавочнай. Да таго, як Маша стала выяўляць свой патаемны бок, на каго са сваіх калежанак яна была падобная?
Юлія. Яны чымсьці з Эльгай падобныя. Не проста так, менавіта дзякуючы ёй, Маша вырашае ісці на аперацыю. Пасля гутаркі са Светай падобных рашэнняў яна не прымала.
Жэня. Так, але пры гэтым менавіта са Светай у яе самыя блізкія адносіны.
Юлія. Яны равесніцы, у іх багатая сумесная гісторыя. Калісьці яны разам шылі на ранішнік капялюш для дачкі Светы. Часта розных людзей злучае агульны кантэкст. З кімсьці могуць быць дужыя адносіны проста таму, што вы калісьці разам абаранілі чаргу ў краме.
Сцэна 8
Сэрвіс. Катафалк. Маша задумліва глядзіць на шторкі для катафалка з рэпрадукцыяй Маціса. Заходзіць Света, чапляецца адзежай за ручку дзвярэй, падае з рук пакет.
СВЕТА (голас дрыжыць). Добрай.
МАША. Добрай, Света. Уварвалася нібыта ўраган. Нешта здарылася?
СВЕТА. Трэба пагаварыць.
МАША. З дачкой нешта, ці так што?
СВЕТА. А дзе Воля, Эльга?
МАША. Адправіла забраць дэталі з пункта.
СВЕТА. Як сябе адчуваеш?
МАША (з радасцю). Сёння ўсё добра. Дзіўна, але за доўгі час упершыню спакой. А ты што нейкая ўз'юшаная? Як пагулялі?
СВЕТА. Ай, потым.
МАША. Раніцай быццам хацела.
СВЕТА. Пасля раскажу. Маша, мне ўчора твая сястра тэлефанавала.
МАША. Нечакана. Вы ж не знаецеся. Твайго тэлефон ў яе дакладна не было. І што?
СВЕТА. Яўген даў нумар. Я так зразумела, яны падтрымліваюць сувязь. Добры клас у іх быў.
МАША. Чаму тэлефанавала?
СВЕТА. У Іспаніі, кажа, спякота зараз. Падабаецца ёй.
МАША. Відаць, дакладна, падабаецца. Бо не жыла б тамака ўжо пятнаццаць гадоў. Але... не пра надвор'е ж расказаць яна званіла?
СВЕТА (вытрымаўшы паўзу). Не пра надвор'е. А ты, Маша, нічога не хочаш мне сказаць?
МАША. Я пачынаю стамляцца.
СВЕТА. Хвалюецца яна за цябе. Я ўсё ведаю. Пра вашу бацькоўскую кватэру не ўсё зразумела, а вось пра твой дыягназ усё пачула. Я ледзь не самлела... Я цябе не кіну. Ты павінна ўсё зрабіць, што дактары раяць.
МАША (мякка і спакойна, кідае дроцікі ў дартс). Позна. Я вырашала больш не падымаць тэму свайго жыцця.
СВЕТА. Хоспадзі, страшна. Усё зразумела і пра сэрвіс, і пра катафалк гэты. Ты што, Маша?
МАША. Света, не трэба.
СВЕТА. Не трэба? Ты ў розуме? Разумееш, што гэта грэх? Самазабойства.
МАША. Ты зноў? Пра Бога ўзгадала?
СВЕТА. Ты крыж учора сама цалавала, Маша. Ты ніколі не здавалася, ніколі! Ты не маеш права так з сабой.
МАША. З сабой? Ці з табой?
СВЕТА. Давай пагаворым.
МАША. Зараз і гаворым. І ўчора гаварылі. Чаму ты лічыш, што нехта павінен рабіць тое, што хочаш ты? Адпускаць. Адпускаць вучыцца. Мы не ведаем нават як гэта. Нашаму пакаленню, мне, табе, гэта нам трэба вучыцца. (Кідаючы дроцікі.) Пакуль яшчэ час ёсць…
СВЕТА. Ніколі не згаджуся на самавольства.
МАША. На выбар іншага чалавека.
СВЕТА. Гэта самазабойства, Маша.
МАША. Не бачыла, каб не адпявалі аб'едзеных ракам людзей.
СВЕТА. Яны змагаліся. А ты? Ты хочаш здацца. Сама. Сама! Ты ніколі не здавалася раней. Хоспадзі, страшна.
МАША. Я стамілася. Я жудасна стамілася. Ад усяго. Ад гаражнага паху, ад званкоў гэтых сюды, ад сцен, якія душаць ужо, ад позіркаў, якія кідаюць, даведаўшыся хто я, чым займаюся. Надакучыла, Света. Хто я? Я ж так і не зразумела да сваіх сарака пяці. Я спазнілася. Нешта ўпусціла. Гэта я адна. А у цябе дачка. А я дурніца, аборт зрабіла, не таму што страшна, таму што сорамна было.
Света пачынае плакаць.
<….>
ЭЛЬГА. Маш, у цябе няма веры, але паверыць неабходна, неабходна усім сэрцам.
МАША. Смерць. Яна ўжо недзе тут. Я чую яе пах. Чую. Ды яшчэ… Яшчэ я бачыла гэты момант у дзяцінстве, мне гадоў дзесяць, карцінкі ў галаве, я пасля пахавання бабулі. Адна ў пакоі, і раптам я бачу, я і не ведаю, і ведаю, і ўсё ў адзін момант, што ў гэтых карцінках –я. Страшна стала. Не пабегла нікому расказваць. Пасля некалькі разоў мне яшчэ сніўся гэты сон. Навошта, падумала я? Чаму гэта так важна ведаць? Я хачу дажываць
не ў бальніцы, не ў халодных сценах заснуць. Не ўгаворвай. Неба хачу бачыць, дыхаць хачу. Жадаю чуць жыццё.
ЭЛЬГА. А як жа шанец? Ты не даеш сабе шанцу, што можа быць па-іншаму? Што, можа быць, псіхіка гаворыць іншае? Адмова ад жыцця, каб нехта большы ў цябе яго не забраў. Ты моцная, ніхто ні разу з нас не ўсумніўся ў табе. Але тое, што ты выбіраеш зараз, гэта слабасць, страх бездапаможнасці.
МАША. Эльгачка, я так замарылася. Я… я быццам дайшла да краю. Да краю скалы. Я хачу скінуць з сябе цяжар. У мяне няма сілы змагацца. На гэтым краі скалы лёгка дыхаецца, мне тут усё можна чаго раней нельга было. Усё здаецца рэальным для мяне. Я сабе забараняла, шмат забараняла…
ЭЛЬГА. Ведаю, родная (абдымае). Усё добра (гладзіць па галаве.) Табе можна ўсё.
МАША. Мне можна….
ЭЛЬГА. Можна ўсё.
МАША. Хачу крычаць.
ЭЛЬГА. Крычы, крычы, даражэнькая.
Крычаць разам. У Машы трасецца цела, коцяцца слёзы.
ЭЛЬГА. Я пагавару са сваім знаёмым анколагам, ён можа даць добрую кансультацыю. Там цалкам можна давяраць. Тут толькі пытанне часу і як даўно ты з гэтым жывеш?
Маша ківае галавой, паказвае рукамі, што даўно.
Жэня. Калі з гераінямі на першы погляд ўсё ясна, то ў якасці трыкстара паўстае Яўген. Як ён уплывае на саму гісторыю, на стан гэтых чатырох жанчын?
Юлія. Ён тут з'яўляецца як адзін з двух асноўных мужчынскіх архетыпаў. Першы – стары, які ўвесь час прыходзіць у аўтасэрвіс, спрабуючы спакусіць Эльгу. Ён наўмысна сталага веку, бо за гэтай характарыстыкай, у сутнасці, павінна стаяць нейкая мудрасць. Але замест гэтага мы бачым іншы бок, характэрны для маладзейшага чалавека. А ёсць Яўген – мужчына сярэдняга ўзросту. У яго другі шлюб, таму яго сталасць нібы падвойваецца. Ён задумваецца пра сваё здароўе, надае больш увагі другой жонцы. Жыццёвы досвед нібы дапамагае яму станавіцца лепш. Ведаеш, ён як люстэрка, дзякуючы якому можна яшчэ нешта ўбачыць, пра штосьці падумаць, зразумець для сябе. У мужчын будзе сваё пытанне да гэтага персанажа, а ў жанчын – сваё. Важна яшчэ вось што: у гісторыі акрамя гэтых двух асноўных мужчынскіх архетыпаў ёсць іншыя. Напрыклад, Маціс – закрытая постаць, якая таксама нібы кажа, што трэба проста жыць. Насуперак усім цяжкасцям. Ёсць лекар, які проста штосьці робіць, які не думае, не рефлексуе, а дакладна робіць сваю работу. Калі паглыбіцца, то можна знайсці больш нюансаў, якія даюць кропкі апоры, дапамагаюць знаходзіць жыццёвы баланс.
Жэня. Ты ўводзіш яшчэ адзін сімвалічны момант, які можна тлумачыць па-рознаму: гераіні часта слухаюць "Поры года" Антоніа Вівальзі. Творы з гэтага цыклу для цябе з'яўляюцца ўвасабленнем саміх жанчын, іх жыццёвых этапаў? Ці працэс прыняцця Машай фіналу яе гісторыі?
Юлія. Не, тут усё прасцей: жыццёвы цыкл. Усё пачынаецца. Усё канчаецца. Ёсць чатыры сезоны, чатыры гісторыі, аб'яднаныя адной тэмай. Усё цыклічна, і нягледзячы на тое, што нехта сыходзіць, хутка абавязкова з’явіцца нешта новае. Жыццё не спыняецца. Яно ўвесь час працягваецца праз тое, што мы ствараем – дзяцей, творчасць. Але, асноўная, на мой погляд, місія чалавека на зямлі – пражываць гэту творчую энергію, штосьці ствараць.
Маша садзіцца за руль катафалка, уключае радыё, катафалк працягвае ехаць, а Маша пераходзіць у кузаў класціся на платформу машыны, накрываецца пледам з галавой. Плед — у рэпрадукцыю «Танец» Маціса.
ДЫКТАР РАДЫЁ. Гэта вельмі цікава. Сам Маціс сведчыць аб гармоніі сваёй карціны. Цытую: «Усё, што я хацеў, — гэта ўраўнаважанае, чыстае мастацтва, якое не турбуе і не трывожыць людзей. Я хачу, каб кожны стомлены, надарваны, знясілены чалавек спазнаў перад маім жывапісам спакой і адпачынак». З біяграфіі мы ведаем, што ў выніку скандалу ў мастака здарыўся нервовы зрыў. Доктар, які агледзеў Маціса, параіў навучыцца кіраваць сваім станам, прытрымлівацца рэжыму працы і імкнуцца быць менш патрабавальным да сябе. Цытую: «З таго часу, — казаў Маціс, — я стараюся прытрымлівацца гэтых правілаў. Працую кожны дзень у адзін і той жа час. І, вядома, не трэба маркоціцца. Адчай бескарысны, нават шкодны. Навошта думаць аб сваіх няшчасцях? Думай не думай, іх менш не стане ».
Сцэна 10
Раніца. Аўтасэрвіс.
ЭЛЬГА. Чакаем навін. Мой знаёмы анколаг сказаў, як скончыцца аперацыя адразу патэлефануе,.
ВОЛЯ. Тыдзень без працы цяжка. Калі ў адпачынку, то неяк і нармальна. А зараз... Немагчыма расслабіцца.
ЭЛЬГА. Аналагічна. З Машай сазваніліся напярэдадні, казала аналізы зрабілі хутка, усё, што трэба сабрала, ўсё было добра. Яшчэ сказала, што быццам нехта вядзе яе.
СВЕТА. А мы бачыліся з Машай. Пра аналізы мне нічога не казала, толькі пра дачку спыталася. І што здзелку з Яўгенам аформілі. Ён раніцай тэлефанаваў, хутка заедзе. Хоспадзі, хоць бы ўсё добра было. Нейкі дзіўны сон быў.
ЭЛЬГА. ВОЛЯ (у адзін голас). І мне…
СВЕТА. Не трэба расказваць. Не будзем.
ЭЛЬГА. Нервы ніякія. Няма як сядзець (маўчанне.) Так, а што дачка, Света, твая, што вырашыла?
СВЕТА. Пасля дня нараджэння пацяплела. Узялі з ёй віна бутэльку на дваіх на выхадныя, як раз, пасля дня нараджэння, так добра пасядзелі, шмат чаго расказала, была адкрыта, я ледзь-ледзь стрымлівалася. Маўчала. Выбіла мяне тады гэтая Машына навіна з меланомай. Страшна стала. Вось і маўчала. А я ёй тур падарыла на Каляды, з дачкой Яўгена паедуць. А тады раніцай, у нядзелю мне кажа: «Мамачка, перадумала з’язджаць, буду тут паступаць». Хоспадзі, і гэта пасля таго, як я ёй сказала, што, няхай едзе, падтрымаю.
ЭЛЬГА. А ты што?
СВЕТА. Ой, супакоілася я.
Маўчанне.
ВОЛЯ. На наступным тыдні на стрэлку пайду, калі, як звычайна, не прадынамлю.
СВЕТА. О, хоць тут класная навіна!
ЭЛЬГА. Малайчына. Ды, схадзі ты ўжо. Можа усё будзе добра. У нэце знайшліся?
Воля ківае, уздыхае. Эльга падыходзіць да халатаў, якія вісяць на сцяне, разглядае. Абдымае сябе за плечы.
ВОЛЯ. Плед можа?
ЭЛЬГА. Не. Няўтульна. Халаты занадта яркія… сёння.
СВЕТА. Хоспадзі, страшна. Такое жыццё страшнае. Невыносна сядзець. Воля, пакажы, хто там, у гэтых чатах, як гэта хоць выглядае?
ВОЛЯ. Папярэджваю, табе не спадабаецца.
ЭЛЬГА. Давай глядзець. Я ў сябе выдаліла. Усё лягчэй будзе чакаць.
Ссоўваюць крэслы. Глядзяць анкеты разам. Чытаюць па чарзе.
ВОЛЯ. Першая анкета: «Жанаты шаснаццаць гадоў. Апошнія гады поўнае неразуменне адно аднаго. Дзве дачкі, адзінаццаць і чатырнаццаць гадоў. Займаюся спортам, люблю двіжуху. Спадзяюся абнуліць сваё жыццё і стварыць новае сямейнае гняздзечка з узаемаразуменнем, павагай і шчасцем ў сям’і».
ЭЛЬГА. Вось чым ён думае?! Але вядома.
ВОЛЯ. Другая анкета: «Жанаты, жонку не шукаю. Вольныя формы адносін. Сустрэчы на камерцыйнай аснове мяне не цікавяць».
ЭЛЬГА. Нічога новага.
ВОЛЯ. Далей: «Жыву адзін. Не жанаты. Не быў. Ты павінна быць без дзяцей, тату, і без шкодных звычак. Дамы з жывоцікам — міма». Але… ёсць і так: «шукаю роднаю душу».
СВЕТА. Ой. У мяне ж дачка, дзе яна знаёміцца будзе? Ох, як зараз цяжка...
ЭЛЬГА. Пазнаёміцца. Яна ж маладая. Думай пра добрае.
ВОЛЯ. Выбарка, шчыра кажучы, так сабе, але ёсць.
Уваходзіць Мужычок.
МУЖЫЧОК. Дзень добры.
Усе моўчкі глядзяць.
МУЖЫЧОК. Эльга, я да вас.
ЭЛЬГА (падыходзіць да Дзядка). Слухайце мяне ўважліва. Яшчэ раз у мой бок паглядзіце — пракляну.
МУЖЫЧОК. Усё, Цяпер ясна.
Уваходзіць Яўген.
ЯЎГЕН. Квітнейце... Што там, навіны ёсць ?
ВОЛЯ. Вітаем.
СВЕТА. Не.
ЯЎГЕН. Ну, вы ведаеце, сэрвіс зараз….
СВЕТА. Ведаюць.
ВОЛЯ. Хочаце агледзець кабінет?
ЯЎГЕН. За Машу хвалююся. Пасля ўжо ўсё астатняе.
СВЕТА. Мы таксама.
ЯЎГЕН. З конкурсу зняліся?
ЭЛЬГА. Так. Не да яго.
ЯЎГЕН. Згодны. Я заязджаў да хлопцаў, у мяне там свае знайшліся. Вы, карацей, зняцца-та зняліся, а вынікі ўжо падлічаны. Карацей, па факце ў вас першае месца, насамрэч — «жанчына можа ўсё».
СВЕТА. Машы трэба будзе адразу сказаць.
ВОЛЯ. Класная навіна.
ЭЛЬГА. А хто быў ананімным кліентам, невядома? Цікава…
ВОЛЯ. І мне.
ЯЎГЕН. Я ведаю. Заязджаў недзе месяц таму хлопец такі малады. Як крыло адрэхтаваць пытаўся.
ВОЛЯ. Ой, не, толькі не той.
ЭЛЬГА. Па ідэі, ён павінен быў застацца незадаволеным.
ЯЎГЕН. Не ведаю. Паводле яго слоў, ўсё ў вас «нармас», быццам у сваіх пабываў.
Звоніць тэлефон Эльгі. Слухае моўчкі. Апускае рукі, садзіцца на кукішкі. Воля і Света моўчкі садзяцца побач.
ЯЎГЕН. Што?
Маўчанне.
СВЕТА (устае, шукае цыгарэты. Слёзы выцірае рукой, крычыць). Не!
Эльга ля сцяны на кукішках, кладзецца на бок у позе эмбрыёна. Воля забірае тэлефон з рук Эльгі.
ВОЛЯ. Эльгачка, Эльгачка. Трымайся.
ЭЛЬГА. Гэта я вінаватая, я ўгаварыла.
ВОЛЯ. Ты не вінаватая (гладзіць па плячах).
Мужычок разгублена стаіць ля дзвярэй. Уздыхае.
ЯЎГЕН (падымае галаву ўверх, спрабуючы схаваць эмоцыі). Не. (Заплюшчвае вочы адной рукой, матае галавой з боку ў бок). Трэба ехаць у шпіталь. Я на вуліцы. Чорт. Ну куды яна так рана? Куды яе так рана? За што? Пойдзем (рукой за плечы выводзіць дзядка). Чаму?
Жэня. А пра што б ты хацела пісаць далей?
Юлія. Цяпер пачала працаваць над новай п'есай. Яшчэ ў планах кінасцэнарый. Мне хочацца бачыць, як ажывае тое, што я пішу. Як быццам бы неабходны працяг: "А як гэта далей? А як гэта будзе з боку?". Мару ўбачыць створанае мною ў поўным аб'ёме.
Жэня. Жаданне паглядзець на свой твор з боку можна назваць асноўным вытокам цікавасці да драматургіі?
Юлія. Думаю, так. Я жадаю бачыць, як мае літаратурныя думкі будуць жыць далей. Калі браць паэзію, напрыклад, то ў ёй, вядома, шмат жыцця, самага сапраўднага першароднага. Але я б сказала, што тут асабістая зона адказнасці: напісала верш, потым прачытала яго. Вам спадабалася, вам не спадабалася – добра. Тут няма таго аб'ёму, які мяркуе тэатр. Бо там дзейнічае вельмі шмат людзей, усе яны розныя. Гэта нейкае ўзаемадзеянне, погляд з боку, штосьці "танцуючае". Тое, што адначасова можна і нельга памацаць. Напэўна, менавіта за гэта я і люблю тэатр болей, чым кіно. Кіно быццам не лечыць па-сапраўднаму. А тэатр можа вылечыць. Вядома, не кожны спектакль, але, увогуле і ў цэлым, ён можа гэта рабіць.
Жэня. У цябе ёсць якая-небудзь глабальная творчая мара?
Юлія. Я крочыла да таго, каб убачыць спектакль па сваёй п'есе. Нават спала і бачыла, як я сяджу ў глядзельнай зале і гляджу сваю гісторыю.
Жэня. Ёсць драматургі, якія выступаюць хутчэй за тое, каб пастаноўшчык пераносіў п'есу на сцэну, не ламаючы задумы аўтара, строга ідучы па тэксту. Табе блізкі такі падыход? Ці табе важная рэжысёрская, магчыма свая, уласная інтэрпрэтацыя твайго тэксту?
Юлія. Мне здаецца, трэба заўсёды пакідаць прастору для ўзаемадзеяння з іншым, для нараджэння чагосьці новага. Вядома, на першым этапе хачу ўбачыць тэкст з боку рэалізацыі маіх драматургічных ідэй, але калі глядзець паглыблена, мы ніколі не ведаем, для чаго насамрэч нараджаецца той ці іншы твор. Аднойчы ён сутыкнецца з кімсьці, і з'явіцца штосьці іншае, прыгожае. Ты можаш нават не ўяўляць, што так будзе, але яно атрымаецца вельмі хораша. Калі ты нешта сапраўды любіш, можа адбыцца ўсё. Тут няма строгага паняцця "толькі так".
Кватэра Волі. Ляжыць на ложку. Устае, падыходзіць да акна. Ноч.
ВОЛЯ. На спатканне я не схадзіла. Зліла. Мутны ён. Але мяне знайшоў сябар, з якім разам машыны чынілі, калі мне семнаццаць было. Доўга размаўлялі. Ён не паліць. І я вырашыла кінуць. Прапанаваў з'ездзіць у Піцер, кажа, там вялікая калекцыя Маціса. Ён таксама прыхільнік.
Кватэра Эльгі. Ляжыць на ложку. Устае, падыходзіць да акна. Рассоўвае фіранкі. Ноч.
ЭЛЬГА. Дзеўкі даведаліся, што вучуся на псіхолага. Прыходзілі у госці. Света як заўсёды з булкамі. Воля ўбачыла канспекты. Да Дзядка пераехала жыць нейкая дзяўчына, кажуць, маладая, мусіць, зараз ёй піша вершы. (Паўза.) Напачатку вініла сябе, вініла, што ўгаварыла на аперацыю. Але на сесіі са сваім тэрапеўтам зразумела, што не маю права так думаць. Ва ўсяго свае законы. Слухаю часам Вівальдзі.
Кватэра Светы. Ляжыць на ложку. Устае, падыходзіць да акна. Рассоўвае фіранку. Адчыняе акно. Ноч.
СВЕТА. Я ўзяла адпачынак. Дачка рыхтуецца да паступлення. Яўген пашырыў штат. Шмат заказаў. Эльга зараз псіхолаг. Воля хутка пойдзе працаваць да сябра. Добры такі... Высокі... Мне з Яўгенам нармальна працаваць. Але булкі ён не есць. Хоспадзі… (плача). Прабач мяне. Сама не ведаю за што… Але прабач, мне важна.
Цёмна. Запальваецца светлавы стэнд. Чуваць толькі голас.
МАША. Я вельмі хвалявалася. Напярэдадні амаль не спала. Такі стан, калі ў галаве іграе адна і тая ж песня з пустымі словамі. А раніцай стала лёгка. Чакала ўжо, калі... А потым я ўбачыла сон. Вельмі непадобны да ўсяго, што снілася калі-небудзь. Я стаяла на беразе горнай ракі, а мне трэба было на другі бераг. Убачыла мост. Не ведаю з чаго ён быў пабудаваны. Не памятаю. Я ступіла і адчула, што мост слізкі. На сярэдзіне я паслізнулася, і… упала ў раку. Вада была студзёная. І толькі адна думка, што не даплыву, не даплыву. Я стамілася змагацца з вадой, але раптам нечыя рукі выштурхнулі мяне на паверхню, і я апынулася ў лодцы, і ўсё, пуста… Але мне так спакойна… А потым… я не магу растлумачыць…. Мне важна сказаць толькі, што я часта гуляла ў Бога. Я шукала і вяршыла справядлівасць, брала віну на сябе за іншых… Але гэта гульня ў падстаўнога Бога. Усё адбываецца ў жыцці, як гэта дазволена намі, але так, як створана Ім. Ніхто не разгадае гэтай таямніцы, ніхто... Бо яе няма, як і нас, мяне. А ўвесь сэнс — быць у стане кахання, праходзячы праз усе пласты дадзеныя жыццём.
РТБД/ЦБД 5 сентября, 19:00
РТБД/ЦБД 4 верасня, 17:00