Нарадзіўся 30 сакавіка 1953 года ў сяле Ропна Полацкага раёна Віцебскай вобласці. Скончыў акцёрскае аддзяленне Ленінградскага дзяржаўнага інстытута тэатра, музыкі і кінематаграфіі, а потым Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут па спецыяльнасці "Рэжысура тэатра".
У 1979 годзе Валерый Маслюк стаў рэжысёрам Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа ў Віцебску, а ў 1981 – 1983 гадах узначальваў Магілёўскі абласны драматычны тэатр, дзе ўвасобіў творы Янкі Купалы, Віктара Казько, Фрыдрыха Дзюрэнманта, Кена Кізі і іншых.
У 1983 годзе стаў галоўным рэжысёрам Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра імя М.Горкага. У рэжысуры спалучаў псіхалагізацыю персанажаў з вобразнай умоўнасцю сучаснай тэатральнай эстэтыкі. Лепшыя яго спектаклі адрозніваліся яркай відовішчнасцю, метафарычнасцю, асацыятыўнасцю. За спектакль "Знак бяды" атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР.
У 1993 годзе Валерый Маслюк вярнуўся ў Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа, стаўшы яго дырэктарам і мастацкім кіраўніком. Там рэжысёр ажыццявіў шэраг цікавых спектакляў, у тым ліку і паводле ўласных п'ес – "Пад сонцам" і "Вялікая сумная рыбіна, якая чакае" і інш. Валерый Маслюк стварыў у Віцебску сапраўднае тэатральнае асяроддзе, адрадзіў традыцыю правядзення акцёрскіх бенефісаў, стаў ініцыятарам правядзення тэатральных марафонаў. Пры ім была створана газета "Раёк", а таксама праведзена Міжнародная навукова-практычная канферэнцыі, прысвечаная 70-годдзю Коласаўскага тэатра.
Пайшоў з жыцця 26 жніўня 2001 года ва ўзросце 48 гадоў.
Пасля смерці Валерыя Маслюка яго сябры і родныя выдалі кнігу "Я успею, я все успею…", у якой прадстаўлены вершы, графіка, а таксама п'есы рэжысёра.